
Ну, а цяпер надышла чарга мужчын. Вiдаць, той, чыю шыю ён пароў нажом, будзе выдатна выглядаць на месцы старога, якi вячэрае васковымi сасiскамi i капустай, таму што дзяўчына за яго спiнай павiнна загнаць яму ў шыю нож. На гэта Клайву спатрэбiлася пятнаццаць хвiлiн.
Так як фiгура старога была прызначана для сядзення, Клайв пасадзiў яго ў прыбiральнi каля пакоя для пераапранання. Было страшэнна смешна глядзець, як стары сядзiць на ўнiтазе з акрываўленай шыяй са сталовым ножыкам у адной руцэ i вiдэльцам - у другой. Клайв абапёрся аб вушак дзвярэй i гучна зарагатаў, не асцерагаючыся нават, што яго могуць пачуць - настолькi гэта было смешна, што нават не шкада было б, калi б яго i злавiлi.
Цяпер чарга карантыша-сышчыка. Клайв агледзеўся, i ў полi яго зроку аказалася сцэна з Вудра Вiльсанам, якая дэманстравала падпiсанне перамiр'я ў 1918 годзе. Васковая фiгура сядзела за велiзарным сталом, нешта падпiсваючы, i было б вельмi лагiчна, каб гэтае месца заняў чалавек з амаль рассечанай на дзве паловы галавой. З некаторым намаганнем Клайв вырваў з васковых пальцаў ручку, паклаў яе збоку на стол i занёс фiгурку - яна не была цяжкая - у пакой для пераапранання. Васковы Вудра Вiльсан застаўся сядзець за сталом з выцягнутымi для пiсання рукамi. Клайв сунуў у яго правую руку шарыкавую ручку. Засталося апошняе намаганне. Клайв заўважыў, што яго куртка добра заляпана крывёй i яе трэба неяк змыць. На штанах, аднак, крывi пакуль што не было.
Клайв пацягнуў другога мужчыну ў дыяраму, прысвечаную Вудра Вiльсану, прыўзняў яго i падкацiў да стала. Яго ўдалося пасадзiць за стол, але галава звiсала над заляпаным зялёнымi плямамi сталом, над чыстымi васковымi аркушамi, а ручка няўстойлiва трымалася ў вялай руцэ.
Але справа была зроблена. Клайв адышоў назад i ўсмiхнуўся. Потым прыслухаўся. Сеўшы ў крэсла, ён некалькi хвiлiн адпачываў, бо сэрца хутка калацiлася i ён неяк адразу адчуў стому ў кожнай мышцы. Ага, гэты раз у яго былi ключы. Цяпер ён мог усё замкнуць, пайсцi дадому i добра адпачыць за ноч, бо трэба ж назаўтра быць у добрай форме, каб уволю пазабавiцца.
