
Цяпер Клайв паспрабаваў ударыць мужчыну кулаком у пашчэмку, але прамазаў i трапiў у шыю. Аднак гэта было настолькi нечакана для гэтага надутага карантыша-сышчыка, што зрабiць другi ўдар было значна лягчэй, а пасля Клайв здолеў схапiць яго за грудкi i стукнуць галавой аб абтынкаваную сцяну, якая была цвярдзейшая за драўляную падлогу. Пасля гэтага Клайв упэўнiўся, што ўсе трое мёртвыя. З галоў у мужчын цурчэла кроў. Тонкi струменьчык крывi цёк з рота жанчыны. Клайв палез шукаць ключы ў кiшэнях другога мужчыны. Яны аказалiся разам са сцiзорыкам у левай кiшэнi штаноў. Клайв забраў i сцiзорык.
Мужчына, той, што быў вышэйшы ростам, паварушыўся. Устрывожаны Клайв выцягнуў з перламутравай ручкi сцiзорыка лязо i тройчы пырнуў iм у шыю мужчыны.
Ледзь усё не ляснулася, падумаў Клайв, правяраючы зноў, цi ўсе яны мёртвыя. Яны такi i сапраўды былi мёртвыя, i кроў была сапраўдная, а не тая чырвоная фарба, што паказвалi ў "ВАСКОВЫМ МУЗЕI ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО". Клайв запалiў iлюмiнацыю i пайшоў у выставачную залу, каб здзейснiць цiкавую задумку - знайсцi адпаведныя месцы для трох трупаў.
Найбольш удалае месца жанчыне - ванна Марата - тут i сумнявацца не варта. Клайв завагаўся, сцягваючы з яе адзенне, i вырашыў гэтага не рабiць проста таму, што атрымаецца куды смяшней, калi пасадзiць яе ў ванну ў палiто, аздобленым футрам, i капелюшы. Выцягнуўшы з ванны фiгуру Марата, Клайв зарагатаў. Ён думаў убачыць палкi замест ног, а памiж iмi пустое месца, бо вышэй ванны была вiдаць толькi палова тулава, але ў Марата наогул не аказалася ног i яго васковы торс заканчваўся крыху нiжэй пояса азызлай куксай, i каб фiгура не кулялася, яе прымацавалi да драўлянай падстаўкi. Клайв занёс гэта недарэчнае збудаванне з воску ў пакой для пераапранання i паставiў пасярод стала. Потым зацягнуў жанчыну - а яна была цяжкая - у дыяраму забойства Марата i запiхнуў яе ў ванну. Па дарозе звалiўся капялюш. Клайв зноў напнуў яго на галаву жанчыны, крыху нахiлiўшы на адно вока. Разяўлены рот жанчыны быў поўны крывi. Божа ж мой, гэта ж сапраўды была забава!
