Да прыкладу, у 1994 годзе мiнiстр культуры Францыi абвясьцiў, што з-за iнтэрнэту Францыя апынулася перад пагрозаю новай формы калянiялiзму. З таго ж шэрагу i бясконцыя скаргi на амэрыканiзацыю культуры, якiя няспынна гучаць ня толькi ў Эўропе, але i ва ўсiм сьвеце, на францускую iнтэлектуальную экспансiю, урэшце, на сьветапоглядную iнтэрэвэнцыю Ўсходу.

Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлiм катэгорыямi эпохi вайны культураў. I не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунiкатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкi, бо вайна культураў была тым мэханiзмам, якi забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханiзму рана цi позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе iдэнтыфiкавацца нi зь якою культурай канкрэтна, нi, у традыцыйным разуменьнi, з культурай увогуле.

Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафiксаванасьцi ў кантэксьце нацыянальнай цi сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакi мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фiксацыi i нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь iх мае свой "адрас" i свой "атэстат"), бо ў сытуацыi камунiкатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалiнаваныя i эфэктыўныя камунiкатыўныя сродкi, зыходзяцца ў адзiн кантынуум. I разам з культурнымi прасторамi ў гэтую ямiну кантынууму скочваюцца ўсе знакi ўсiх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што iх цяжка адрасна разрозьнiць, зрэшты i няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфiкаваць адзiн зь iх, яго заслоняць дзясяткi iншых.

Хуткасьць культурных экспансiяў, калейдаскапiчная множнасьць i рознавэктарнасьць iх тэндэнцыяў анiгiлююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансii.



4 из 6