А вось Станіслаў Марцалеў за сваё 60-годдзе атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савету БССР. Сядзеў бы і дагэтуль у ЦК, дык, напэўна, адхапіў бы ордэн за сваю антыкультурную дзейнасьць на пасадзе загадчыка аддзелу культуры. Божа, колькі ён напсаваў нашай літаратуры, нашай культуры! Як шчыраваў ён на ганебнай ніве русіфікацыі! Ды й цяпер псуе і шчыруе, шчыруе і псуе. А на цяперашняй пасадзе яго гэта можна “пасьпяхова” рабіць. Усё-такі камандуе цэлым Інстытутам. Ды якім – мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору!

Цэлую старонку займаюць партрэты новых лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, а таксама артыкул пра іх Максіма Танка – старшыні Камітэту па гэтых прэміях. Аж 21 лаўрэат! Сярод іх 5 пісьменьнікаў, адзін журналіст, адзін мастак. Я рады за Дануту Бічэль, Петруся Макаля, Дзьмітрыя Бугаёва, Анатоля Грачанікава, творчасьць якіх я ведаю і ў асноўным люблю. З задавальненьнем успрымаю таксама прэміі цудоўнай артыстцы Марыі Захарэвіч, мастаку Гаўрылу Вашчанку. Прэмія прысуджаная таксама і вялікаму нашаму Уладзіміру Караткевічу. Надта позна зрабілі гэта! “Цэхавая” грызьня, групаўшчына не дазволілі аддаць належнае гэтаму Сьветламу Чалавеку пры ягоным жыцьці. На папярэдні ж конкурс, які быў яшчэ пры Валодзевым жыцьці, вылучаўся той самы раман “Чорны замак Альшанскі”. І тады адхілілі. Затое цяпер, ратуючы свой аўтарытэт, рэабілітуючы сябе перад смуткуючай дагэтуль Беларусьсю па Такой Страце, заплюшчыўшы ад ганьбы і сораму вочы, прызналі Творцу. А каб раней, дык, можа, гэтае прызнаньне хоць крыху сагрэла б яго збалелае сэрца. А можа, і выратавала б жыцьцё, хоць Ён і ня падкі быў на афіцыйную славу…



3 из 449