Яшчэ старонка – рэпартаж пра адкрыцьцё Літаратурнага музею Петруся Броўкі. Вось каго ўжо песьцілі “партыя і ўрад”. Узьнялі да найвышэйшых годнасьцяў ня толькі БССР, але і СССР – і ў літаратуры(!), і ў навуцы(!), і ў партыі, і ў дзяржаўным апараце. А ён жа не раўня Караткевічу. Памёр гэты Пятрусь, і яго ўжо ніхто і не ўспамінае. Пуставаць наканавана ягонаму музею… Сьмерць жа Уладзіміра Караткевіча адгукнулася вялікім болем у сэрцах кожнага беларуса. З кожным днём яго веліч расьце і будзе вечнай слава яго на нашай зямлі.

7 студзеня 1985 г. Прыняў удзел у адкрыцьці Рэспубліканскай школы “Юны літаратар”. Гэтая падзея адбылася ў 10 гадзінаў у Доме літаратара. Зала на 350 месцаў была перапоўненая: сюды зьехаліся таленавітыя вучні старэйшых класаў Менску і ўсёй рэспублікі. Школа будзе мець два аддзяленьні – вочнае і завочнае. Першае для мінчукоў, другое для іншагародніх.

Ад імя арганізатараў Школы (Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, Міністэрства асьветы БССР і Саюзу пісьменьнікаў) заняткі распачаў дырэктар школы Яўген Лецка. Ён хораша, узьнёсла акрэсьліў мэту Школы, прывязаў яе да традыцыі “Маладняка”, расказаў пра форму і метады яе функцыянаваньня, прадставіў склад Савету школы. Юных літаратараў віталі бацькоўскім словам Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Віктар Каваленка, Міхась Лазарук.

Я. Лецка зьвярнуў увагу на сьпецыяльную, вельмі цікавую, зьмястоўную і прыгожую насьценгазету, якую з вялікім густам выпусьціла да гэтай падзеі ”супрацоўніца Інстытуту літаратуры, энтузіястка стварэньня гэтай Школы Галя Дубянецкая”. Мне прыемна было чуць гэта, бо я ведаю, колькі душы ўклала Галя ў гэтую справу. Пасьля 10-мінутнага перапынку пачаліся практычныя заняткі.

У добры час табе, Школа! Вядома, ня ўсе твае выхаванцы стануць прафесійнымі пісьменьнікамі. Ды такая задача і ня ставіцца. Але ж стань гадавальнікам аматараў і прыхільнікаў роднага слова. Выхоўвай маладое пакаленьне ў духу любові і павагі да прыгожага пісьменства – нашага і сусьветнага. У жорсткі прагматычны век, у век, які сушыць душы чалавечыя, ты дбай, каб у гэтых душах усё-ткі заставалася аснова духоўная.



4 из 449