
У час перапынку падышоў Васіль Быкаў. Сказаў, што ён вельмі сьпяшаецца па неадкладных справах, але хацеў бы са мною перамовіцца. Разам з Васілём падняліся на 3-ці паверх у Гілевічаў кабінет.
В. Быкаў. “Я з Сульянавым напярэдадні Новага году быў у АТК1. Неяк так сталася, што я прыгадаў яму адно выказваньне Ніла, які сказаў, што доўга ці мала будзе ён сакратарыць, але ж ганарыцца будзе заўсёды, што гэта пры ягоным сакратарстве былі прынятыя ў члены СП два цікавыя чалавекі. Адзін, – кажу я, – тут, перад вамі. АТК адразу, усьміхнуўшыся, сказаў: “А я і другога ведаю. Але гэты другі не напісаў ніводнага раману”.
Я адпарыраваў: раману, праўда, не напісаў, але ж колькі значных твораў пераклаў. Ды як пераклаў! А перакладчыкі на поўных падставах прымаюцца ў Саюз. Але ён, Дубянецкі, як ніхто ў нашыя часы, столькі зрабіў і робіць для літаратуры – сьмела, прынцыпова, высокакваліфікавана. Дзякуючы яму, мы бачым цяпер адраджэньне нашай літаратуры – пісьменьнікам вальней стала дыхаць.
“А пра тэлеграму ягоную вы хіба забылі?” – кінуў АТК.
“Дык гэтая тэлеграма зрабіла станоўчую справу, як я разумею”, – сказаў Сульянаў.
“Ага, станоўчую – кажа АТК, – А вы ведаеце, што гэтая тэлеграма пахіснула пада мною крэсла?.. Ну, нічога, – працягваў АТК, – раней я злаваў на яго, а цяпер, здаецца, ужо адышло…”
Больш Васіль пра гэты свой візіт да АТК нічога не сказаў. Ды й навошта. І так было сказана нямала!
Затое ён сказаў, куды сьпяшаецца. Як высьветлілася, цалкам на кінастудыі забракавалі фільм, што зрабіў Віктар Дашук пра яго. Я спытаў, з якой прычыны – тэхнічнай, ці “ідэйнай”. “Вядома ж, з ідэйнай, – сказаў Васіль, – шмат у якіх мясьцінах, на іх думку, я ня тое кажу, што трэба, яшчэ больш прыдзірак да тэкстаў Алеся Адамовіча”.
Канец нашай размовы засьпеў Ніл Гілевіч. Мы разьвіталіся. Ніл застаўся ў сваім кабінеце, Васіль паехаў на кінастудыю. Думаю, паехаў з перакананьнем нічога не мяняць у сваіх і Алесевых тэкстах. “Падстрыгаць” іх – іхняя справа, а даваць іншыя, лагодненькія, аўтарскія тэксты – ня варта. У нас ужо адзнакаю часу стала, што гара нараджае мыш.
