
12 студзеня 1985 г. Учора апоўдні завітаў да мяне Іван Шамякін. Мы давалі яму на рэцэнзію “Сяргея Палуяна”. Далі яму не таму, што ён ведае Сяргея і яго творчасьць, а таму, каб яго дзяржаўнае імя памагло нам выдаць гэту кнігу. Ён напісаў рэцэнзію. Станоўчую ў асноўным. Але цяпер ужо просіць сёе-тое перагледзець у рукапісе, даць грунтоўную прадмову, Рагойшаву, у якой “абавязкова растлумачыць некаторыя небясьпечныя мясьціны”. “Я здымаю, – сказаў І. Шамякін, – хвалебнае Сяргеева слова пра англічан. Яно не патрэбна”. “А каб гэта было хвалебнае слова пра рускіх, вы зьнялі б?” – спытаў я. “Ну што ты? Там якраз такога слова і не хапае”, – сказаў ён.
Перакінуліся на мае непрыемнасьці, у тым ліку і з-за Купалаўскіх “Тутэйшых”. Ён раптам сказаў, што яму, як галоўнаму рэдактару энцыклапедыі, забаранялі ў Купалаўскім энцыклапедычным слоўніку даваць артыкул “Тутэйшыя”. “Я ўсё-такі даказаў, што трэба, каб ня выклікаць буру ў эмігранцкіх колах, – сказаў Іван Пятровіч. – Дамовіліся даваць, але ж з негатыўнай ацэнкаю. Я ўжо і так сваёй рукою зьняў 47 артыкулаў з гэтага выданьня”, – прызнаўся герой і дэпутат, шматгранны член і лаўрэат Шамякін.
Трэба б даведацца ў Янкі1 ці ў Юзіка2, што гэта за артыкулы, якіх Шамякін напалохаўся. А раптам цэнзар акажацца сьмялейшым і палову з іх дазволіў бы?
21 студзеня 1985 г. Позьнім вечарам, калі не сказаць глыбокай ноччу, – бо было ўжо дзьве гадзіны – дачытаў аповесьць Канстанціна Лазінскага “Анекдот пра газон”. Твор невялікі, 157 старонак машынапісу. Мне яго закінуў неяк летась Міша Ч.1 з просьбаю “прачытаць, ацаніць, а там, можа, што і вырашыць”. Заявачка нічога сабе!
Трэба даведацца, дзе Міша пазнаёміўся з аўтарам, ці прапанаваў ён гэты твор куды-небудзь.
