
К. Лазінскі вывеў ледзь не тыповага цяперашняга маладога інтэлігента. Але ж яго нармальная раскаванасьць, свабода мысьленьня – ня ўпісваецца ў кодэкс “станоўчага героя”, які навязваецца цяпер савецкай літаратурай. Таму і нялёгка будзе К. Лазінскаму друкаваць гэтую рэч. У маіх руках быў недзе трэці экземпляр яе. Значыць, некаму пасылалася яшчэ.
Аўтар – масквіч. А гэтая акалічнасьць ня дасьць мне прыняць яе да выданьня, таму, што надта багата пыліцца ў шафах рукапісаў сваіх аўтараў. Хоць, вядома, сярод гэтых рукапісаў мала такога ўзроўню, як аповесьць К. Лазінскага. Шкада!
Разам з гэтым творам Міша даў мне яшчэ адзін, значна меншы – 59 старонак. Той самы аўтар. Тая самая “хватка”, тая самая шырыня поглядаў. Твор называецца “З даваеннага нямецкага сямейнага альбома. Аповесьць”. Дзея адбываецца ў акупіраванным рускімі і амерыканцамі невялікім нямецкім гарадку. Паказаны сапраўдныя чалавечыя, сяброўскія адносіны паміж ваеннымі прадстаўнікамі абедзьвюх краінаў, паміж салдатамі і асабліва паміж абодвума камендантамі капітанамі Прохаравым і Олтменам і іх жонкамі Кацюшаю і Надзін.
Аўтару, напэўна, давядзецца чакаць адпаведнай кан’юнктуры ва ўзаемаадносінах СССР – ЗША, каб яго твор убачыў сьвет.
22 студзеня 1985 г. Мне прыгадалі; што я – нейкі член нейкага рэпертуарнага савету (пры Міністэрстве культуры). Хітрая Н. Загорская хацела мець у сваім ускосным падначаленьні дырэктара выдавецтва, у якога яна павінна выдавацца. Напярэдадні нават пазваніла, сказала, што “вельмі дарэчы будзе там інфармацыя “Мастацкай літаратуры”.
