Зьяўляюся на савет. Старшыня – А. Петрашкевіч. Агучвае ён “пытаньні” парадку дня і аўтараў рэфератаў. Сярод апошніх назваў мяне. Цікавыя метады ў Загорскай! А раптам я не разгарнуў бы яе “Праграму”?

Пакуль Петрашкевіч даваў то аднаму, то другому слова, я прааналізаваў “План дзяржаўных заявак на творы ў рэпертуар самадзейных мастацкіх калектываў.” Аналіз гэты я “выдаў” сабранай грамадзе – у тэматычным “разрэзе”. Было нейкае абмеркаваньне. Найбольшую зацікаўленасьць выказалі работнікі Міністэрства. Астатнія адчувалі сябе… хто як, некаторыя нават лішнімі.

“Цікавыя” заўвагі да плану выказала В. В. Казлова:

1. Дапоўніць план Ленініянай (гэта значыць, аднаактоўкамі і рознымі інсцэніроўкамі пра Леніна);

2. Тэмай пра сучасную армію (“а то толькі пра пагранічнікаў ёсць”);

3. Пра новыя абрады, напрыклад, пра “сьвята вуліцы”.

Сам Петрашкевіч унёс свой грош: “Трэба б больш сатыры і гумару – супраць п’янства, разгільдзяйства, падхалімства і г. д.”…

Пасьля гэтага правёў вечар з Іванам Чыгрынавым. Упершыню, здаецца, пагаварылі з ім шчыра, сур’ёзна, ня як “аднакласьнікі”. Я стараўся менш гаварыць, каб больш пачуць ад яго. Мне ж вельмі цікава ведаць яго погляды на нашы літаратурныя справы, на жыцьцё наогул.

Цікавая была згадка пра ягоны побыт у Штатах. Цяпер ён прызнаўся, што ўвесь час быў пад наглядам кадэбэ, яго аднаго, без кадэбіста, не пускалі ні на якія сустрэчы, не дазвалялі абменьвацца якімі б там ні было памяткамі, сувенірамі. На наладжаным кіраўніцтвам Нью-Ёркскага каледжу прыёме ў гонар І. Чыгрынава ён аказаўся за сталом побач з Антонам Адамовічам. Абмяняцца некалькімі фразамі ім удалося толькі тады, калі грымела музыка, бо па другі бок пісьменьніка сядзеў ягоны “сябра” кадэбіст.

У зале каледжу, дзе выступаў Іван, сярод прысутных быў і паэт Сяднёў. Іван прызнаўся мне, што праз усё сваё жыцьцё ён нясе ў сабе яго вобраз, вобраз чалавека, які ў вайну аказаў бясцэнную дапамогу сям’і Чыгрынавых.



8 из 449