
А пакуль будаваўся карабель, Язон аб'ехаў усю Грэцыю, збiраючы сабе спадарожнiкаў для далёкага плавання.
Адплыццё
З вялiкай пелiёнскай сасны, што ссек Язон, зрабiлi аснову карабля. Прыладзiлi сасновыя рэбры, змацавалi iх тоўстымi бярвёнамi; на iх наслалi палубу. Абшылi карабель дошкамi; у борце прарэзалi круглыя адтулiны для вёслаў i абшылi iх скурай. Пасярэдзiне карабля паставiлi высокую тонкую сасну з перакладзiнамi i на iх умацавалi палатняныя ветразi. У карму карабля ўставiлi кавалак свяшчэннага дуба з Дадонскай дубровы. Гэты дуб быў чарадзейны: у шолаху яго лiстоў людзi маглi пачуць свой лёс. Будаўнiкi карабля спадзявалiся, што гэты кавалак дадонскага дуба падкажа мараплаўцам, што iм рабiць у цяжкую часiну. На носе карабля выразалi з дрэва прыгожую галаву багiнi Геры, заступнiцы адважных падарожнiкаў, i пазалацiлi яе: няхай ззяе i блiшчыць яна спераду карабля, няхай здалёку бачаць усе, што сама Гера вядзе карабель Язона.
Шмат часу мiнула, пакуль нарэшце быў пабудаваны карабель, прасмолены, аснашчаны i спушчаны на ваду.
I вось надышоў дзень, калi ў гаванi Iолка стаў каля прычала цуда-карабель, лёгкi на хаду, устойлiвы на хвалях, акрылены ветразямi, iмклiвы i прыгожы. Яго назвалi "Арго" - у гонар майстра, што пабудаваў яго.
Шумна i весела было ў Iолку. Пяцьдзесят самых лепшых грэчаскiх юнакоў, краса i сiла ўсёй Грэцыi, з'ехалiся сюды, каб на "Арго" плыць у далёкую Калхiду па залатое руно. Тут былi: магутны Геракл са сваiм юным сябрам Гiласам, браты-блiзняты Кастор i Палiдэўк, якiя нiколi не разлучалiся, браты Пелей i Тэламон з Фесалii, афiнскi цар Эгей, Лаэрт - цар выспы Iтакi, юны Адмет - сваяк Язона, сiлач Iдас i мудры Амфiярай, якi ўмеў адгадваць будучае; прыйшоў са сваёй кiфарай* славуты грэчаскi спявак Арфей; прыляцелi на магутных крылах два сыны бога ветру Барэя - Калаiд i Зет. I шмат iншых герояў сабралася ў прызначаны дзень у Iолку. Галоўным у паходзе быў Язон, рулявым карабля умелы i вопытны марак Тыфiс, яго памочнiкам - зоркi Лiнкей, якi бачыў усё, нават глыбока пад зямлёй.
