Раптам з вяршынi гары, што ўзвышалася над выспай, вырваўся слуп агню, узняўся высока ў неба i з шумам i трэскам, рассыпаючы мiльёны iскраў i распаленых камянёў, абрынуўся ў мора.

Арганаўты стоўпiлiся на палубе, любавалiся велiчным вiдовiшчам i пыталiся адзiн у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.

Надышла ранiца, i агонь на выспе пагас, толькi густы дым iшоў з гары, як iдзе дым з комiна, калi ў доме паляць у печы.

"Арго" наблiзiўся да берага. Каб хвалi не знеслi карабель, арганаўты апусцiлi на дно - мора было тут неглыбокае - вялiкi камень, абвязаны моцным канатам. Другi такi канат быў прымацаваны на карме: канец яго кiнулi на бераг, i адзiн з весляроў зачапiў яго за выступ скалы i завязаў вузлом.

Павольна сыходзiлi на бераг арганаўты. Страшна было ступiць на зямлю, унутры якой таiўся агонь: яна здавалася iм гарачай i зыбкай. Агледзеўшыся, яны ўбачылi ўдалечынi гарадскiя сцены i накiравалiся туды, каб даведацца, як называецца гэтая выспа i што за людзi тут жывуць.

Прыбыццё арганаўтаў ужо заўважылi ў горадзе: ледзь толькi яны адышлiся ад берага, дзе прычалiў "Арго", як з гарадскiх варот выйшаў вялiкi ўзброены атрад i, грозна падняўшы зброю, рушыў iм насустрач.

Арганаўты на ўсякi выпадак таксама пастроiлiся ў баявы парадак i падрыхтавалiся да бою. Але зоркi Лiнкей раптам засмяяўся i сказаў:

- Стойце, сябры, апусцiце вашы мячы i коп'i: гэта жанчыны.

I сапраўды, гэта былi жанчыны ў воiнскiх даспехах i са зброяй у руках.

Арганаўты спынiлiся i здзiўлена разглядвалi незвычайных сваiх працiўнiкаў. Убачыўшы, што чужынцы не збiраюцца нападаць на iх, жанчыны таксама спынiлiся i, параiўшыся памiж сабою, паслалi наперад вястунку - даведацца, што гэта за людзi i чаго яны высадзiлiся на выспе.

Арганаўты сказалi, што шлях iх ляжыць мiма выспы, што яны i ў думках не маюць нiчога кепскага, i папрасiлi дазволу агледзець цудоўную выспу i папоўнiць запасы харчоў i вады.



15 из 109