
Ад вястункi яны даведалiся, што гэта выспа Лемнас.
Тут, у сярэдзiне вогнедышнай гары Масiхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калi ў божага майстра было асаблiва шмат работы i яго аднавокiя чаляднiкi - кiклопы - моцна раздзiмалi агонь, iскры ляцелi высока ў неба i ўся выспа дрыжала i ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калiсьцi ўкраў тытан Праметэй маленькую iскру, каб падарыць людзям агонь.
Са здзiўленнем арганаўты даведалiся, што на выспе зусiм няма мужчын.
У горадзе жылi адны жанчыны; яны працавалi ў полi i ў майстэрнях, выконвалi ўсю мужчынскую работу. Абараняць выспу ад нападаў павiнны былi таксама жанчыны.
Кiравала ўсiм гэтым жаночым царствам маладая царыца Iпсiпiла.
Калi вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсiм жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалi свае справы, i сказала:
- Мiлыя сёстры! Мы дадзiм чужынцам хлеба, садавiны i салодкага лемнаскага вiна. Аднясём iм на карабель нашы дарункi. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, i мы не ведаем; што ў iх у галаве.
Але старая нянька царыцы, сiвая Палiксо, запярэчыла:
- Паглядзiце на мяне: я сiвая, я старая, я хутка памру. Калi старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо i араць зямлю, i сеяць хлеб, i жаць каласы ў полi? Хто абаронiць горад ад нападу ваяўнiчых суседзяў i вас самiх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом i пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самi багi паслалi нам гэты карабель i на iм пяцьдзесят адважных i дужых герояў. Па ўсiм вiдаць, што гэта добрыя людзi. Паслухайцеся маёй парады: запрасiце iх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кiруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак i жонкi народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымi i будуць вашай апорай у любой справе i абаронцамi ад усiх ворагаў.
