
Так гаварыла старая Палiксо, i жанчыны, падумаўшы, згадзiлiся з ёю. Хуценька запрэглi коней у каляснiцу, нагрузiлi яе кашамi з садавiнай i збанамi з вiном i паслалi вястунку да арганаўтаў - аддаць iм дарункi i запрасiць iх на банкет да царыцы Iпсiпiлы.
Арганаўты з радасцю прынялi запрашэнне, апранулi свае самыя лепшыя ўборы i выправiлiся ў горад. Толькi Геракл з юнаком Гiласам, Амфiярай i спявак Арфей засталiся вартаваць карабель.
Ветлiва сустракалi жанчыны герояў на вулiцах горада, шырока адчынялi перад iмi дзверы.
Язона прывялi ў палац царыцы, i яна сказала яму:
- Мы рады табе i тваiм таварышам. Будзьце гасцямi на нашым свяце. Праславiм уладара нашай выспы бога Гефеста i жонку яго - багiню Афрадыту!
Арганаўты разышлiся па ўсiм горадзе, i пачаўся вясёлы баль.
У час балю царыца сказала Язону:
- Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбi гэтую зямлю i, калi хочаш, застанься з намi, жывi ў гэтым палацы i будзь царом у нашым горадзе. I таварышам сваiм загадай застацца на Лемнасе.
- Царыца, - сказаў Язон, - дзякуй за ласку i добрае слова, але я не магу застацца i быць царом на Лемнасе, хоць выспа твая i горад цудоўныя. Дарога мая далёкая i доўгая, i я павiнен выканаць тое, што абяцаў. Я павiнен здабыць залатое руно.
Царыца засмуцiлася. Яна так ласкава пазiрала на Язона, так весела гучалi песнi ў горадзе, так бесклапотна танцавалi прыгожыя дзяўчаты на плошчах i вулiцах, а старая Палiксо так лагодна бурчала: "Куды спяшацца? Навошта спяшацца шукаць пагiбель? Няхай небяспека сама шукае героя".
Баль змяняўся балем. Мiналi гадзiны, i днi, i ночы, а арганаўты i не думалi вяртацца на свой карабель.
Доўга чакаў iх Геракл, нарэшце сам падаўся ў горад i пачаў сварыцца на сваiх бесклапотных таварышаў:
- Хiба для таго пабудаваны наш "Арго", каб хвалi бiлi яго аб лемнаскi бераг? Хiба для таго збiраў нас Язон па ўсёй Грэцыi, каб баляваць у гасцях у жанчын? Спадарожны вецер гонiць "Арго" ў дарогу, моцна напяты прычальны канат вось-вось парвецца. Хто не хоча быць пестам i дармаедам у жанчын - наперад, у дарогу па залатое руно! У дарогу, арганаўты!
