Прысаромленыя, быццам пасля пахмелля, арганаўты зноў сабралiся разам i пачалi рыхтавацца да адплыцця.

Лемнаскiя жанчыны прынеслi iм на карабель усё, чым багатая была выспа, i плакалi, развiтваючыся з героямi, бо палюбiлi iх i не хацелi расставацца з iмi.

- Жадаем вам шчасця i ў плаваннi, i ў вашай небяспечнай справе, - сказала Язону царыца Iпсiпiла i цiха дадала: - Калi ты здабудзеш залатое руно i зхочаш вярнуцца на Лемнас, я аддам табе горад, i ўладу, i сваё каханне. Помнi пра гэта.

Але слёзы былi ў яе на вачах, бо яна прадчувала, што арганаўты нiколi не вернуцца на Лемнас.

Геракл падняў з дна камень, якi трымаў карабель на месцы. Адвязалi ад лемнаскай скалы прычальны канат, i, згарнуўшыся, нiбы змяя, ён паслухмяна лёг каля ног рулявога.

Весляры былi на сваiх месцах.

Язон падаў знак - у момант узляцелi вёслы, i "Арго" зноў рушыў у дарогу.

Мядзведжая гара

Арганаўты плылi проста на ўсход i доўга не бачылi нiчога вакол, апрача мора i неба. Потым наперадзе паказаўся бераг. Памiж дзвюма градамi невысокiх прыбярэжных узгоркаў засiнела вузкая паласа пралiва. Хвалi з шумам грувасцiлiся ў пралiве, i белая пена бiлася каля берагоў.

Арганаўты наблiзiлiся да таго месца, дзе патанула Гела, упаўшы з залатога барана.

- Гелеспонт! - сказаў рулявы Тыфiс.

Быстраходнаму лёгкаму "Арго" былi не страшныя нi вiры, нi хуткае цячэнне, i арганаўты доўга плылi па вузкiм доўгiм пралiве, з цiкавасцю разглядаючы блiзкi бераг. Калi мiнулi пралiў, вырашылi зрабiць прыпынак, перш чым плыць цераз Прапантыду - другое мора, што ляжала на iх шляху. Яны наблiзiлiся да берага.

Перад iмi распасцiралася нiзкая зялёная раўнiна, парослая сакавiтай травою. Мора глыбока ўразалася ў гэтую раўнiну i ўтварала цiхi залiў. Вузкая дарожка, нiбы земляны масток, вяла ўгору, на высокую цёмную крутую гару, падобную на вялiкага ўскудлачанага мядзведзя.



18 из 109