
Цiха i спакойна было на беразе. Чарада тлустых авечак хадзiла па пашы; каля самага мора сушылiся на сонцы рыбацкiя сеткi.
Арганаўты скiравалi свой карабель у залiў, знайшлi зручнае месца i прычалiлi. Людзi, што жылi на беразе, сустрэлi iх ветлiва. Гэта былi далiёны, дабрадушнае i мiрнае племя.
Далiёны расказалi арганаўтам, што вядуць свой род ад бога мораў Пасейдона, што Пасейдон - iх заступнiк i абаронца ад усiх ворагаў. Яны паказалi на высокую гару, якая навiсала над залiвам, i сказалi, што гэта Мядзведжая гара. На ёй жывуць шасцiрукiя велiканы; яны магутныя i лютыя, але баяцца Пасейдона i таму не чапаюць далiёнаў.
Неўзабаве з'явiўся на бераг i цар далiёнаў. Ён быў вельмi малады, амаль хлапчук, без вусоў i вельмi ласкавы, падобны на дзяўчынку. Яго звалi Кiзiк, як i зямлю, якой ён кiраваў. Кiзiк пачцiва прывiтаў герояў i запрасiў iх на банкет. Банкет быў надзвычай просты - засмажылi самых тлустых бараноў з царскай чарады i прынеслi садавiны i вiна. Юны цар быў вясёлы, павёў гасцей на Мядзведжую гару - паглядзець на мора, расказаў iм, як лепш плыць далей, паказаў iм свае лугi i сады i падарыў з дзесятак найлепшых авечак на дарогу.
Арганаўты пераначавалi ў гасцiнных далiёнаў i назаўтра ранiцай сабралiся ў дарогу, развiталiся з Кiзiкам i селi на карабель.
Раптам вялiкiя камянi нiбы сарвалiся з Мядзведжай гары, паляцелi ў ваду каля "Арго"; пачуўся дзiкi рык, i падарожнiкi ўбачылi велiканаў. Яны былi вышынёй з маладую сасну, i ў кожнага, нiбы сукi ў дрэве, тырчалi шэсць доўгiх рук: дзве, як у людзей, - ад плеч, дзве каля паяснiцы i яшчэ дзве па баках. Велiканы з шумам выварочвалi камянi з гары, адрывалi цэлыя скалы i кiдалi ў залiў, каб загарадзiць "выхад караблю ў адкрытае мора. Каменныя глыбы падалi ў ваду i маглi разбiць "Арго". Далiёны ад страху разбеглiся, пахавалiся, i самi арганаўты разгубiлiся. Тады Геракл схапiў свой лук, стаў на носе карабля i пачаў пускаць у велiканаў стрэлы. Адзiн за другiм, нiбы падсечаныя пад корань дрэвы, падалi велiканы з гары ў мора. Прыкрыўшыся шчытамi ад камянёў i асколкаў, арганаўты сышлi на зямлю i распачалi бой з шасцiрукiмi. Велiканы былi перабiты, i, пакiнуўшы iх на спажыву рыбам i птушкам, арганаўты адплылi ад Кiзiка.
