Цэлы дзень плыў "Арго", хутка аддаляючыся ад Мядзведжай гары. Калi надышоў вечар i карабель быў ужо далёка ад берага, у адкрытым моры раптам падзьмуў моцны вецер. Арганаўты ўзрадавалiся ветру, распусцiлi ветразi i леглi спаць, не заўважыўшы, што вецер дзьме ў той бок, адкуль яны спачатку плылi. Уночы бура прыгнала iх назад да Кiзiка, але ў цемры яны не пазналi знаёмага берага i падумалi, што гэта нейкая новая краiна на iх шляху. Яны прычалiлi да берага i сышлi на зямлю, грозна бразгаючы зброяй.

Далiёны ў начной цемры таксама не пазналi арганаўтаў. Пачуўшы плёскат вёслаў i звон мячоў, яны падумалi, што гэта марскiя разбойнiкi выкарысталi бурную цёмную ноч i напалi на Кiзiк. Мячамi i коп'ямi сустрэлi цяпер далiёны сваiх учарашнiх гасцей. Да свiтання не спыняўся на беразе жорсткi бой. Арганаўты былi больш вопытныя ў баi i дужэйшыя, i шмат далiёнаў загiнула. Сам юны цар быў насмерць працяты меткiм кап'ём Язона.

Калi ж развiднела i стала ўсё добра вiдаць наўкол, працiўнiкi з жахам убачылi, што ў цемры ночы яны бiлiся з сябрамi.

Тры днi i тры ночы аплаквалi арганаўты i далiёны сваю жудасную памылку i смерць цара. Яго пахавалi на беразе мора i на магiле насыпалi высокi пагорак. I доўга ўзвышаўся гэты пагорак, i маракi з караблёў, якiя заходзiлi ў гавань, адразу пазнавалi тое месца.

Сварка на караблi

Сум агарнуў сэрцы арганаўтаў пасля таго злоснага жарту, якi падстроiў iм вецер. Моўчкi выконваў кожны сваю дзённую работу; не чуваць было на караблi нi смеху, нi жартаў, нi расказаў бывалых маракоў. I Арфей не спяваў больш песень.



20 из 109