- Тады паплывём далей! - усклiкнуў ён весела. - У Калхiду, у Калхiду! Здабудзем залатое руно!

I "Арго" паплыў далей.

Аддалiўшыся ад Сiмплягадаў, арганаўты павярнулi направа i паплылi ўздоўж берагоў, асцярожна абмiнаючы скалiстыя мысы i вялiкiя водмелi, якiх сустракалася цяпер шмат на iх шляху. Яны праплывалi мiма земляў, населеных рознымi народамi, невядомымi iм раней, бачылi ваяўнiчых жанчын-амазонак, якiя праносiлiся на дзiкiх конях, бачылi высокiя вежы, пабудаваныя на гарах, зарослых лесам, мiнулi краiну халiбаў, якiя здабывалi з зямлi жалеза.

Аднойчы ўдзень "Арго" наблiзiўся да невядомай выспы. Вялiкая чырвоная птушка сядзела на беразе i, убачыўшы "Арго", паляцела яму насустрач.

Падарожнiкi са здзiўленнем пазiралi на яе. Раптам яна скiнула пяро. Яно ўпала на карабель i ўпiлося ў плячо аднаго з весляроў. Палiлася кроў, i ад болю вясляр выпусцiў з рук вясло. Выцягнулi пяро з раны i ўбачылi, што гэта была вострая медная страла.

Прыляцела другая птушка. Адзiн з арганаўтаў схапiў свой лук i стрэлiў у яе. Птушка ўпала ў мора. Пер'е яе звiнела i зiхацела на сонцы.

Тады адзiн са старэйшых арганаўтаў сказаў:

- Гэта Сцiмфалiды - медныя птушкi бога вайны. Iх пер'е ранiць, як стрэлы. Трэба надзець шлемы, прыкрыцца шчытамi, каб яны не нарабiлi нам шкоды.

Арганаўты надзелi шлемы, прыкрылiся шчытамi i, падплываючы да берага, моцна крычалi i грукалi мячамi ў шчыты. Сцiмфалiды ўзляцелi над выспай, асыпаючы "Арго" медным пер'ем. Пёры стукалiся аб шчыты, i ў паветры стаяў такi шум i звон, што напалоханыя птушкi ўзнялiся i паляцелi прэч.

Арганаўты прычалiлi да берага i знайшлi тут чатырох юнакоў, абарваных i галодных. Гэта былi сыны Фрыкса. Пасля смерцi iх бацькi цар Ээт выгнаў iх з Калхiды i адправiў на караблi ў Грэцыю. Але бура разбiла карабель, i мора выкiнула iх на гэту пустэльную выспу, дзе iх чакала галодная смерць.

Арганаўты ўзрадавалiся сустрэчы.

- Вы з Калхiды плылi ў Грэцыю, а мы з Грэцыi плывём у Калхiду па залатое руно, якое ваш бацька пакiнуў у Ээта, - сказаў юнакам Язон i прапанаваў iм: Вяртайцеся з намi ў Калхiду, памажыце нам здабыць залатое руно, i мы адвязём вас потым у Архамен, на радзiму Фрыкса.



31 из 109