Вось што сказала Iно народу:

- Багi разгневалiся за тое, што ў Архамене была царыцай нiмфа Няфела, якая самавольна пакiнула неба i стала жонкай чалавека. Багi не хочуць, каб сын Няфелы стаў царом у Архамене. Забiце яго - i тады вашы палеткi будуць зноў даваць вам хлеб. Такая воля багоў.

Са страхам выслухалi архаменцы гэтую лiхую вестку. Шкада iм было забiваць нi ў чым не вiнаватага царэвiча, але людзi былi пакорныя багам. I вось прызначылi дзень, у якi ўрачыста перад усiм народам, на гары, калi ўзыдзе месяц, павiнны былi прынесцi ў ахвяру Фрыкса.

Надышоў гэты дзень. Раным-рана брат i сястра стаялi адны на высокай тэрасе палаца i сумна пазiралi на неба.

Гела абдымала брата, плакала i клiкала мацi:

- Памажы сваiм пакiнутым дзецям!

Змрочны стаяў побач з ёю Фрыкс i маўчаў - ён думаў, што мацi забылася пра iх.

Раптам далёка-далёка на чыстым небе з'явiлася хмарка. Гэта нiмфа Няфела, блукаючы па паветраных прасторах, пачула жаласны поклiч дачкi i прыляцела, каб памагчы дзецям. Хмарка наблiзiлася, апусцiлася - i мацi абняла сваiх дзяцей. Разам з нiмфай з'явiўся перад iмi баран з залатымi рагамi, з доўгай залатой воўнай.

- Дзецi, - сказала нiмфа, - я не магу вас узяць з сабою - людзi не могуць жыць на небе. Але я дару вам залатаруннага барана. Ён пералятае цераз горы, нiбы птушка, плавае ў вадзе, нiбы трытон, i бяжыць па зямлi хутчэй за вецер. Смела сядайце яму на спiну, i ён занясе вас далёка адсюль. Верце яму. Ён пераплыве з вамi тры моры i адвязе вас у царства Ээта, сына Сонца. Ээт дасць вам прытулак i будзе вам замест бацькi. Бывайце! Спяшайцеся!

I нiмфа зноў узнялася ў неба.

Фрыкс i Гела селi на спiну залатаруннага барана, i ён панёс iх ад лiхой мачахi. Ён пераляцеў з iмi цераз горы, дабег да мора, кiнуўся ў ваду i паплыў. Мора было спакойнае, i баран з дзецьмi шпарка паплыў па хвалях. Дзецi моцна трымалiся за яго залатую воўну i адно за аднаго i не баялiся. Так пераплылi яны першае мора, i хвалi вынеслi iх у вузкi доўгi пралiў, якi злучаў гэтае мора з другiм. Тут дзьмуў моцны вецер, i цячэнне было такое iмклiвае, што хвалi залiвалi iх з ног да галавы. Гела са страхам пазiрала на пенiстыя грабянi хваль; у яе замiрала сэрца i кружылася галава.



7 из 109