
Спачатку мы спадзявалiся, што здолеем выратавацца ад iх уцёкамi, i таксама паднялi ветразi. Аднак хутка стала вiдавочна, што гадзiн праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелi, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага - васемнаццаць.
Каля трох гадзiн апоўднi разбойнiцкi карабель дагнаў нас, але пiраты зрабiлi вялiкую памылку: замест таго каб падысцi да нас з кармы, яны падышлi з левага борта, дзе ў нас было восем гармат. Выкарыстаўшы iх памылку, мы навялi на iх усе гэтыя гарматы i далi залп.
Туркаў было не менш дзвюх соцень чалавек, таму яны адказалi на нашу стралянiну не толькi гарматным, але таксама i ружэйным залпам з двухсот стрэльбаў.
На шчасце, у нас нiкога не зачапiла, усе засталiся жывыя i не параненыя. Пасля гэтай сутычкi пiрацкае судна адышло на паўмiлi* i пачало рыхтавацца да новага нападу.
* Мiля - мера даўжынi каля 1609 метраў.
Мы ж, у сваю чаргу, падрыхтавалiся да новай абароны.
На гэты раз ворагi падышлi да нас з другога борта i ўзялi нас на абардаж, гэта значыць зачапiлiся за наш борт бусакамi, чалавек шэсцьдзесят уварвалiся на палубу i перш за ўсё кiнулiся секчы мачты i снасцi.
Мы сустрэлi iх ружэйнай стралянiнай i двойчы вызвалялi ад iх палубу, але ўсё роўна вымушаны былi здацца, таму што наш карабель ужо быў не прыгодны для далейшага плавання. Трое з нашых людзей былi забiтыя, восем чалавек паранена. Нас як палонных завезлi ў марскi порт Салех, якi належаў маўрам*.
* Маўры - паўночнаафрыканскiя арабы-мусульмане.
Iншых ангельцаў забралi i адправiлi да двара жорсткага султана, а мяне капiтан пiрацкага судна пакiнуў пры сабе i зрабiў сваiм рабом, бо я быў малады i спрытны.
Я горка заплакаў: я ўспомнiў прадказанне майго бацькi, што рана цi позна са мною здарыцца бяда i нiхто не прыйдзе мне на дапамогу. Я думаў, што менавiта цяпер такая бяда мяне i напаткала. Але дарэмна я так думаў. Наперадзе мяне чакалi яшчэ страшнейшыя няшчасцi.
