
Я спадзяваўся, што мой новы ўладар, капiтан разбойнiцкага судна, пакiнуўшы мяне пры сабе, калi ён зноў адправiцца рабаваць марскiя караблi, возьме мяне з сабою таксама. Я быў цвёрда ўпэўнены, што, нарэшце, ён трапiць у палон да якога-небудзь гiшпанскага цi партугальскага ваеннага карабля i тады я атрымаю волю.
Але хутка я зразумеў, што гэтыя спадзяваннi былi дарэмныя, таму што ў першы ж раз, калi мой уладар выйшаў у мора, мяне ён пакiнуў дома выконваць чорную работу, якую звычайна выконваюць рабы.
З гэтага дня я толькi i думаў пра ўцёкi. Але ўцячы было немагчыма: я быў знясiлены i адзiнокi.
Сярод палонных не было нiводнага ангельца, каму я здолеў бы паверыць.
Два гады пакутваў я ў палоне, не маючы нiякай надзеi на выратаванне. Але на трэцi год мне ўсё ж удалося ўцячы.
Адбылося гэта так: мой уладар заўсёды, раз цi два на тыдзень, браў карабельную шлюпку i плыў на ўзмор'е лавiць рыбу. У кожную такую паездку ён браў з сабою мяне i хлапчука, якога звалi Ксуры. Мы старанна веславалi i як умелi пацяшалi свайго ўладара. А паколькi я, у дадатак, яшчэ аказаўся i някепскiм рыбаловам, ён часам пасылаў нас абаiх - мяне i гэтага Ксуры - па рыбу пад наглядам аднаго старога маўра, свайго далёкага родзiча.
Аднойчы мой гаспадар запрасiў двух вельмi важных маўраў пакатацца з iм на яго паруснай шлюпцы. Для гэтай паездкi ён нарыхтаваў вялiкiя запасы ежы, якiя звечара яшчэ адправiў да сябе на шлюпку. Шлюпка была прасторная. Гаспадар яшчэ гады два назад загадаў свайму карабельнаму цесляру зрабiць там невялiкую каюту, а ў каюце - кладоўку для прадуктаў. У гэту кладоўку я i склаў усе прыпасы.
- Можа здарыцца, што госцi пажадаюць наладзiць паляванне, - сказаў мне гаспадар. - Вазьмi на караблi тры стрэльбы i занясi iх у каюту.
Я зрабiў усё, што мне было загадана: вымыў палубу, узняў на мачце сцяг i на другi дзень з ранiцы сядзеў у шлюпцы i чакаў гасцей. Раптам гаспадар прыйшоў адзiн i сказаў, што госцi сёння не паедуць, таму што iх затрымалi справы. Затым ён загадаў нам траiм - мне, хлапчуку Ксуры i маўру - плыць у нашай шлюпцы на ўзмор'е па рыбу.
