- Мае сябры прыйдуць да мяне вячэраць, - сказаў ён, - i таму вы, як толькi наловiце дастаткова рыбы, нясiце яе сюды ж.

Вось тады зноў i абудзiлася ва мне даўняя мара пра волю. Цяпер у мяне было судна, i, як толькi гаспадар пайшоў, я пачаў рыхтавацца - не да рыбнай лоўлi, а ў далёкае плаванне. Праўда, я не ведаў, куды паплыву, але ўсякая дарога добрая - абы толькi ўцячы з няволi.

- Варта нам было б прыхапiць сабе якую-небудзь ежу, - сказаў я маўру, - не будзем жа мы без спросу есцi тое, што гаспадар падрыхтаваў гасцям.

Стары згадзiўся са мною i хутка прынёс вялiзную кашолку сухароў i тры збаны прэснай вады.

Я ведаў, дзе ў гаспадара стаiць скрыня з вiном, i пакуль маўр хадзiў па прадукты, я перанёс усе бутэлькi на шлюпку i паставiў iх у кладоўку, нiбыта яны яшчэ раней былi назапашаны для гаспадара.

Апрача таго, я прынёс вялiзны кавалак воску (фунтаў на пяцьдзесят вагою) ды прыхапiў маток прадзiва, сякеру, пiлу i малаток. З часамi ўсё гэта нам вельмi прыдалося, асаблiва воск, з якога мы рабiлi свечкi.

Я прыдумаў яшчэ адну хiтрасць, i мне зноў удалося ашукаць даверлiвага маўра. Яго iмя было Iзмаiл, таму ўсе звалi яго Молi. Вось я яму i сказаў:

- Молi, на судне ёсць гаспадаровы паляўнiчыя стрэльбы. Не шкодзiла б нам мець трохi пораху ды некалькi зарадаў - магчыма, нам пашэнцiць падстрэлiць сабе на абед кулiкоў. Гаспадар трымае порах i шрот на караблi, я ведаю.

- Добра, - сказаў ён, - прынясу.

I ён прынёс ладную скураную торбу з порахам - фунта паўтара вагою, а магчыма, i болей. I другую, са шротам - фунтаў пяць цi шэсць. Ён прыхапiў таксама i кулi. Усё гэта было складзена ў шлюпцы. Апрача таго, у гаспадаровай каюце знайшлося яшчэ крыху пораху, якi я насыпаў у вялiкую бутлю, вылiўшы з яе папярэдне рэшткi вiна.



12 из 185