Рабiнзон селiцца ў Бразiлii. - Ён зноў выпраўляецца ў мора. - Карабель яго церпiць крушэнне.

Капiтан быў высакародны i шчодры не толькi на словах, але i на справе. Ён добрасумленна выканаў усе свае абяцаннi. Ён загадаў, каб нiводзiн з матросаў не адважыўся нават зачапiць маю маёмасць, потым склаў падрабязны спiс усiх рэчаў, якiя мне належалi, загадаў змясцiць iх разам з яго рэчамi, а спiс уручыць мне, каб, як толькi мы прыплывём у Бразiлiю, я здолеў атрымаць усё поўнасцю.

Яму захацелася купiць маю шлюпку. Шлюпка сапраўды была добрая. Капiтан сказаў, што купiць яе для свайго карабля, i спытаў, колькi я хачу за яе.

- Вы, - адказаў я, - зрабiлi мне столькi дабра, што я нi ў якiм разе не адважуся ацэньваць шлюпку. Колькi дасце, столькi i вазьму.

Тады ён сказаў, што выдасць мне пiсьмовае абавязацельства заплацiць за маю шлюпку восемдзесят чырвонцаў адразу ж, як мы прыдзем у Бразiлiю. Аднак, калi там у мяне знойдзецца iншы пакупнiк, якi прапануе мне больш, капiтан заплацiць мне столькi ж.

Наша плаванне да Бразiлii скончылася шчаслiва. У дарозе мы памагалi матросам, i яны пасябравалi з намi. Пасля дваццацi двух дзён плавання мы зайшлi ў бухту Ўсiх Святых. Тут я канчаткова адчуў, што няшчасцi мае засталiся ззаду, што я ўжо вольны чалавек, а не раб i што жыццё маё пачынаецца нанава.

Я нiколi не забуду, як высакародна паставiўся да мяне капiтан партугальскага карабля.

Ён не ўзяў з мяне нi капейкi грошай за праезд; ён вярнуў мне цэлымi ўсе мае рэчы, нават тры глiняныя збаны; ён даў мне сорак залатых за шкуру льва i дваццаць - за леапардавую. I наогул ён купiў усё, што мне было непатрэбна i што мне выгадна было прадаць, у тым лiку скрыню з вiнамi, дзве стрэльбы i воск, якi застаўся (частка яго пайшла ў нас на свечкi). Адным словам, калi я прадаў яму большую частку сваёй маёмасцi i сышоў на бераг Бразiлii, у кiшэнi ў мяне было дзвесце дваццаць залатых.



23 из 185