Мне не хацелася разлучацца з маiм спадарожнiкам Ксуры: ён быў такi верны i надзейны таварыш, ён памог мне здабыць волю. Але ў мяне не было для яго справы, да таго ж я не быў упэўнены, што здолею яго пракармiць. Таму я вельмi ўзрадаваўся, калi капiтан сказаў мне, што яму падабаецца гэты хлопчык, што ён з ахвотай возьме яго да сябе на карабель i зробiць мараком.

Неўзабаве пасля таго як мы прыехалi ў Бразiлiю, мой сябар капiтан завёў мяне ў дом аднаго свайго знаёмага. Ён быў уладальнiкам плантацый цукровага трыснягу i цукровага завода. Я пражыў у яго даволi доўгi час i дзякуючы гэтаму здолеў вывучыць цукровую вытворчасць.

Бачачы, як добра жывецца тутэйшым плантатарам i як хутка яны багацеюць, я вырашыў пасялiцца ў Бразiлii i таксама заняцца вытворчасцю цукру. На ўсе грошы, што былi ў мяне, я ўзяў у арэнду ўчастак зямлi i пачаў складаць план маёй будучай плантацыi i сядзiбы.

У мяне быў сусед па плантацыi, якi прыехаў сюды з Лiсабона. Звалi яго Ўэлс. Родам ён быў ангелец, але ўжо даўно прыняў партугальскае падданства. Мы з iм хутка пасябравалi i былi ў самых прыяцельскiх адносiнах. Першыя два гады мы абодва ледзь здолелi пракармiцца ад нашых ураджаяў. Але паступова зямля ўраблялася, i мы багацелi.

Пражыўшы ў Бразiлii гады чатыры i паступова пашыраючы сваю справу, я, вядома, не толькi вывучыў гiшпанскую мову, але i пазнаёмiўся з усiмi суседзямi, а таксама i з купцамi з Сан-Сальвадора, блiжэйшага да нас прыморскага горада. Многiя з iх зрабiлiся маiмi сябрамi. Мы часта сустракалiся, i, вядома, я часта расказваў iм пра дзве мае паездкi да Гвiнейскага берага, пра тое, як вядзецца гандаль з тамашнiмi неграмi i як лёгка там за якiя-небудзь цацкi - за пацеркi, нажнiцы, нажы, сякеры цi люстэркi - набыць залаты пясок i слановую косць.

Яны заўсёды слухалi мяне з вялiкай цiкавасцю i падоўгу абмяркоўвалi тое, пра што я расказваў iм.



24 из 185