Я падняўся па канаце да кубрыка*.

* Кубрык - памяшканне для матросаў у насавой частцы карабля.

Падводная частка карабля была прабiта, i трум быў запоўнены вадой. Карабель стаяў на пясчанай водмелi. Карма яго высока ўзнялася, а нос быў амаль у вадзе. Такiм чынам вада не трапiла ў карму, i нiчога з рэчаў, што там былi, не падмокла. Я заспяшаўся туды, таму што перш за ўсё мне хацелася даведацца, якiя рэчы сапсавалiся, а якiя засталiся цэлыя.

Выявiлася, што ўвесь запас карабельнай правiзii застаўся зусiм сухi. I паколькi мяне мучыў голад, то перш за ўсё я пайшоў у кладоўку, набраў сухароў i, працягваючы агляд карабля, еў на хаду, каб не губляць часу. У кают-кампанii я знайшоў бутэльку рому i некалькi разоў добра глынуў з яе, таму што мне неабходна было падмацаваць свае сiлы для працы, якая мяне чакала.

Перш за ўсё мне патрэбна была лодка, каб перавезцi на бераг тыя рэчы, якiя маглi мне спатрэбiцца. Але лодку ўзяць не было дзе, а жадаць немагчымага бескарысна. Трэба было прыдумаць што-небудзь iншае. На караблi былi запасныя мачты, сценьгi i рэi. З гэтага матэрыялу я вырашыў пабудаваць плыт i горача ўзяўся за работу.

Выбраўшы некалькi лягчэйшых бярвенняў, я выкiнуў iх за борт, папярэдне абвязаўшы кожнае бервяно канатам, каб iх не знесла. Затым я спусцiўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў iх з абодвух канцоў, зверху змацаваў яшчэ дзвюма цi трыма дошчачкамi, пакладзенымi накрыж, i ў мяне атрымалася нешта накшталт плыта.

Мяне гэты плыт цудоўна трымаў на сабе, але для большага грузу ён быў вельмi лёгкi i малы.

Давялося мне зноў лезцi на карабель. Там я адшукаў пiлу нашага карабельнага цесляра i распiлаваў запасную мачту на тры бервяны, якiя i прыладзiў да плыта. Плыт зрабiўся шырэйшы i больш устойлiвы. Гэта работа каштавала мне вялiкiх намаганняў, але жаданне зрабiць запас усяго неабходнага для жыцця падтрымлiвала мяне, i я зрабiў тое, на што пры звычайных абставiнах у мяне не хапiла б сiлы.



31 из 185