
Цяпер мой плыт быў шырокi i моцны, ён мог вытрымаць значны груз.
Чым жа нагрузiць гэты плыт i што зрабiць, каб яго не змыла прылiвам? Доўга думаць не было калi, трэба было спяшацца.
Перш за ўсё я склаў на плыт усе дошкi, якiя знайшлiся на караблi; потым узяў тры куфры, якiя належалi нашым матросам, зламаў замкi i выкiнуў з iх усё. Потым я адабраў тыя рэчы, якiя маглi спатрэбiцца мне больш за ўсё, i склаў iх у куфры. У адзiн куфар я склаў харчовыя прыпасы: рыс, сухары, тры кругi галандскага сыру, пяць вялiкiх кавалкаў вэнджанай казляцiны, якая была ў нас на караблi за галоўную мясную ежу, i рэшткi ячменю, якi мы везлi з Эўропы курам, што трымалi на судне; курэй мы даўно ўжо з'елi, а крыху збожжа засталося. Гэты ячмень быў змешаны з пшанiцай; ён бы вельмi мне прыдаўся, але, на жаль, як потым выявiлася, быў надта папсаваны пацукамi. Апрача таго, я знайшоў некалькi скрынак вiна i каля шасцi галонаў* рысавай гарэлкi, што належалi нашаму капiтану.
* Галон - ангельская мера вадкiх цел; роўны 3,78 лiтра.
Гэтыя скрынi я таксама паставiў на плыт поруч з куфрамi.
Мiж тым, пакуль я быў заняты пагрузкаю, пачаўся прылiў, i я з жалем убачыў, што мой каптан, рубашку i камiзэльку, якiя я пакiнуў на беразе, знесла ў мора. Цяпер у мяне засталiся толькi панчохi ды штаны (палатняныя, кароткiя, да каленяў), якiя я не скiдаў, калi плыў да карабля. Гэта прымусiла мяне падумаць пра тое, каб назапасiць не толькi ежы, але i адзежы. На караблi было дастаткова i куртак i штаноў, але я ўзяў адну толькi пару, бо мяне пакуль што куды больш цiкавiла многае iншае, i перш за ўсё рабочы iнструмент.
Пасля доўгiх пошукаў я знайшоў скрынку нашага цесляра, i гэта была для мяне найкаштоўнейшая знаходка, якую я не прамяняў бы ў той час на цэлы карабель золата. Я паставiў гэту скрынку на плыт, нават не глянуўшы ў яе, таму што мне было добра вядома, якi iнструмент там захоўваўся.
Цяпер мне заставалася запасцiся зброяй i зарадамi.
