
На шчасце, мора было спакойнае. Пачынаўся прылiў, якi павiнен быў прыгнаць мяне да берага. Апрача таго, узняўся таксама невялiкi спадарожны ветрык. Таму, захапiўшы з сабою паламаныя вёслы ад карабельнай шлюпкi, я заспяшаўся назад, да берага. Хутка я заўважыў невялiкую бухту, да якой i накiраваў свой плыт. З вялiкай цяжкасцю я правёў яго насуперак цячэнню i, нарэшце, зайшоў у гэту бухту, упёршыся ў дно вяслом, таму што там было мелка; i як толькi пачаўся адлiў, мой плыт з усiм грузам аказаўся на сухiм беразе.
Цяпер мне неабходна было разгледзецца вакол i выбраць сабе зручнае месца для жытла - такое, дзе б я здолеў скласцi ўсю сваю маёмасць, не баючыся, што яна загiне. Я ўсё яшчэ не ведаў, куды я трапiў: на мацярык цi на выспу. Цi жывуць тут людзi? Цi водзяцца тут драпежныя звяры? За паўмiлi ад мяне цi крыху далей вiдзён быў пагорак, стромкi i высокi. Я вырашыў падняцца на яго, каб агледзець наваколле.
Узяўшы стрэльбу, пiсталет i парахаўнiцу, я накiраваўся ў разведку.
Караскацца на вяршыню пагорка было цяжка. Калi ж, нарэшце, я ўскараскаўся, я ўбачыў, якi горкi лёс чакаў мяне: я быў на выспе! Кругом, з усiх бакоў, было толькi мора, за якiм нiдзе не бачылася зямлi, калi не лiчыць усяго некалькi рыфаў, якiя тырчалi ўдалечынi, ды двух выспачак, што ляжалi мiляў за дзевяць на захад.
