Гэтыя выспачкi былi маленькiя, куды меншыя за маю.

Я зрабiў i яшчэ адно адкрыццё: раслiннасць на выспе была дзiкая, нiдзе не вiдаць было нi шматка ўробленай зямлi. Значыць, людзей тут i сапраўды не было!

Драпежныя звяры тут як быццам таксама не вадзiлiся, ва ўсякiм выпадку я не прыкмецiў нiводнага. Затое птушак вадзiлася мноства, усё нейкай не вядомай мне пароды, так што потым, калi мне даводзiлася падстрэлiць птушку, я нiколi не мог вызначыць па выгляду, цi прыдатнае яе мяса для ежы.

Калi я спускаўся з пагорка, я падстрэлiў адну птушку, вельмi вялiкую: яна сядзела на дрэве на ўзлессi.

Мне здаецца, што гэта быў першы стрэл, якi прагучаў у гэтых дзiкiх мясцiнах. Не паспеў я стрэлiць, як над лесам узнялася хмара птушак. Кожная крычала на свой лад, але нiводзiн з гэтых крыкаў не падобны быў на крык знаёмых мне птушак.

Птушка, якую я забiў, нагадвала мне нашага эўрапейскага коршака i афарбоўкай пер'я i формаю дзюбы. Толькi кiпцюры ў яе былi карацейшыя. Мяса яе аддавала падлай, i я, вядома, не мог яго есцi.

Такiя былi адкрыццi, якiя я зрабiў у першы дзень. Потым я вярнуўся да плыта i пачаў перацягваць рэчы на бераг. На гэта пайшла ў мяне ўся рэшта дня.

Пад вечар я зноў пачаў думаць, як i дзе мне ўладкавацца на ноч.

Легчы проста на зямлю я баяўся: а што, калi на мяне накiнецца якi-небудзь драпежны звер? Таму, выбраўшы на беразе зручнае месцейка для начлегу, я абгарадзiў яго з усiх бакоў куфрамi i скрынкамi, а ў сярэдзiне гэтай загарожы зладзiў сабе з дошчак нешта накшталт будана.

Непакоiла мяне таксама пытанне, як буду я здабываць сабе ежу тады, калi скончацца мае прыпасы: апрача птушак ды двух нейкiх звяркоў, накшталт нашага зайца, што выскачылi з лесу, пачуўшы мой стрэл, нiякiх iншых жывых iстот я тут не бачыў.

Зрэшты, у гэты момант мяне куды больш цiкавiла i непакоiла iншае. Я перавёз з карабля вельмi мала з таго, што можна было забраць, i там засталося многа рэчаў, якiя маглi мне спатрэбiцца, i перш за ўсё ветразi i канаты. Таму я вырашыў, калi мне нiшто не перашкодзiць, зноў пабыць на караблi. Я быў упэўнены, што першая ж бура разаб'е яго на трэскi. Трэба было адкласцi ўсе iншыя справы i тэрмiнова ўзяцца за разгрузку судна. Нельга супакойвацца, пакуль я не перавязу на бераг усе рэчы, да апошняга цвiчка.



34 из 185