Прыняўшы такое рашэнне, я пачаў думаць, як мне лепей зрабiць: ехаць на плыту цi плысцi самому, як першы раз. Я вырашыў, што зручней будзе плысцi. Толькi на гэты раз я ўжо распрануўся ў шалашы, застаўшыся ў адной сподняй у клеткi сарочцы, у палатняных штанах i скураных пантофлях на босыя ногi. Як i першы раз, я ўзлез на карабель па канату, затым збiў новы плыт i перавёз на iм многа карысных рэчаў. Па-першае, я забраў усё, што адшукаў у кладоўцы нашага цесляра, менавiта: два цi тры мяхi цвiкоў (вялiкiх i дробных), адвёртку, тузiны два сякер, а галоўнае - такую карысную рэч, як тачыла.

Потым я прыхапiў некалькi рэчаў, якiя я знайшоў у нашага кананiра*: тры жалезныя ламы, дзве бочкi з ружэйнымi кулямi i крыху пораху.

* Кананiр - той, хто страляе з гарматы, артылерыст.

Потым я адшукаў на караблi яшчэ кучу ўсякага адзення ды яшчэ прыхапiў запасны ветразь, гамак, некалькi матрацаў i падушак. Усё гэта я склаў на плыце i, на вялiкае маё здавальненне, даставiў на бераг як мае быць.

Адпраўляючыся на карабель, я баяўся, каб за маю адсутнасць на мае харчы не напалi якiя-небудзь драпежнiкi. На шчасце, гэтага не здарылася.

Толькi нейкi звярок прыбег з лесу i рассеўся на адным з маiх куфраў. Убачыўшы мяне, ён адбег крыху ўбок, але зараз жа спынiўся, стаў на заднiя лапы i з непарушным спакоем, без нiякага страху, глядзеў мне проста ў вочы, нiбыта жадаў пазнаёмiцца са мною.

Звярок быў прыгожы, падобны на дзiкага ката. Я прыцэлiўся ў яго са стрэльбы, але ён не здагадваўся, якая небяспека яму пагражае, i нават не крануўся з месца. Тады я кiнуў яму кавалак сухара, хоць з майго боку гэта было i неразумна, таму што сухароў у мяне было мала i мне трэба было быць ашчадным. Аднак звярок мне так спадабаўся, што я не пашкадаваў яму гэты кавалак сухара. Ён падбег, абнюхаў сухар, з'еў яго са смакам i аблiзнуўся.



35 из 185