Вiдаць было, што ён чакае яшчэ. Але я не даў яму больш нiчога. I ён пасядзеў трошкi i пайшоў.

Пасля гэтага я ўзяўся будаваць сабе палатку. Я зрабiў яе з ветразяў i жэрдак, якiя нарэзаў у лесе. У палатку я перанёс усё, што магло сапсавацца ад дажджу i на сонцы, а вакол нагрувасцiў пустых куфраў i скрынак на выпадак раптоўнага нападу людзей цi дзiкiх звяроў.

Знадворку ўваход у палатку я загарадзiў вялiзнай скрыняй, паставiўшы яе бокам, а з сярэдзiны загарадзiўся дошкамi. Затым я паслаў на зямлi пасцель, паклаў ля ўзгалоўя два пiсталеты, а з боку ад пасцелi - стрэльбу i лёг.

Пасля караблекрушэння гэта была першая ноч, калi я спаў у пасцелi. Я без просыпу праспаў да ранiцы, таму што ў папярэднюю ноч спаў вельмi мала, а ўвесь дзень працаваў не прысядаючы: спачатку грузiў рэчы з карабля на плыт, а потым перапраўляў iх на бераг.

Нiхто, я думаю, не валодаў такiм велiзарным складам рэчаў, як я цяпер. Але мне ўсё здавалася мала. Карабель быў цэлы, i пакуль яго не знесла ўбок, пакуль на iм заставалася хоць адна рэч, якую я мог выкарыстаць, я лiчыў неабходным вывезцi адтуль на бераг усё, што магчыма. Таму кожны дзень я накiроўваўся туды ў час адлiву i прывозiў усё новыя i новыя рэчы.

Асаблiва паспяховым было маё трэцяе падарожжа. Я разабраў усе снасцi i забраў з сабою ўсе вяроўкi. Гэты раз я прывёз вялiкi кавалак запаснога брызенту, якiм у нас карысталiся, калi трэба было рамантаваць ветразi; i бочачку пораху, якая падмокла i якую спачатку я пакiнуў на караблi. Нарэшце, я пераправiў на бераг усе ветразi; толькi давялося парэзаць iх на кавалкi i перавезцi часткамi. Зрэшты, мне не было чаго шкадаваць: ветразi мне патрэбны былi зусiм не для мараплавання. Уся каштоўнасць iх заключалася ў тым, што яны былi пашыты з брызенту.



36 из 185