
Цяпер на караблi не засталося нiчога, што б здолеў забраць адзiн чалавек. Засталiся толькi грувасткiя рэчы, за якiя я i ўзяўся ў наступны рэйс. Я пачаў з канатаў. Кожны канат я разразаў на кавалкi такой велiчынi, каб мне не вельмi цяжка было з iмi спраўляцца, i кавалкамi перавёз тры канаты. Апрача таго, я забраў на караблi ўсе жалезныя часткi, якiя толькi здолеў ададраць з дапамогай сякеры. Затым я ссек усе рэi, якiя яшчэ заставалiся на караблi, пабудаваў плыт большы за ранейшыя i, склаўшы на яго ўвесь гэты цяжар, паплыў да берага.
На гэты раз мне не пашанцавала: мой плыт быў такi цяжкi, што кiраваць iм было амаль немагчыма. Калi я, нарэшце, зайшоў у бухтачку i накiраваўся да берага, дзе была складзена ўся мая маёмасць, плыт раптам перакулiўся, i я апынуўся ў вадзе з усiм маiм грузам. Я не патануў таму, што гэта адбылося непадалёк ад берага, аднак амаль увесь мой груз быў пад вадою; галоўнае, што патанула жалеза, якiм я так даражыў.
Праўда, калi пачаўся адлiў, я выцягнуў на бераг амаль усе кавалкi каната i некалькi кавалкаў жалеза. Гэта мяне вельмi стамiла, бо за кожным кавалкам мне даводзiлася ныраць у ваду.
Мае паездкi на карабель працягвалiся з дня ў дзень, i кожны раз я прывозiў што-небудзь iншае.
Ужо трынаццаць дзён жыў я на выспе i за гэты час адзiнаццаць разоў пабыў на караблi i перавёз на бераг усё, што толькi здолелi зрушыць дзве чалавечыя рукi. Не сумняваюся, што, калi б цiхае надвор'е пратрымалася яшчэ, я перавёз бы па частках i ўвесь карабель.
Рыхтуючыся да дванаццатага рэйса, я заўважыў, што ўзнiмаецца вецер. Тым не менш, дачакаўшыся адлiву, я накiраваўся да карабля. Мне здавалася, што я так аблазiў нашу каюту, што знайсцi там што-небудзь ужо было немагчыма. Аднак раптам на вочы мне трапiла маленькая шафа з дзвюма скрынкамi; у адной я знайшоў тры брытвы, нажнiцы i з тузiн цудоўных вiдэльцаў i нажоў; у другой скрынцы ляжалi грошы, часткова эўрапейскай, часткова бразiльскай срэбнай i залатой манетай, - усяго каля трыццацi шасцi фунтаў стэрлiнгаў.
