Я пагардлiва ўсмiхнуўся, гледзячы на гэтыя грошы.

- Непатрэбнае смецце, - прамовiў я. - Навошта ты мне цяпер патрэбна? Усю кучу золата я з ахвотай зараз аддаў бы за любы з гэтых капеечных нажоў. Нават калi б ты ляжала цяпер на падлозе, я i тады не сагнуўся б, каб падняць цябе. Мне няма чаго з табою рабiць. Дык iдзi ж на дно марское.

Але, падумаўшы крыху, я ўсё-такi загарнуў грошы ў кавалак брызенту i забраў iх з сабою.

Мора бушавала ўсю ноч, i калi ранiцой я выглянуў са свае палаткi, ад карабля не засталося i следу. Цяпер я мог цалкам займацца пытаннем, якое непакоiла мяне з першага дня: што мне рабiць, каб на мяне не напалi драпежныя звяры цi дзiкiя людзi? Якое жытло сабе збудаваць? Выкапаць пячору цi паставiць палатку?

Нарэшце я вырашыў зрабiць i тое i другое.

Да гэтага часу я ўжо ўпэўнiўся, што месца, якое я аблюбаваў на беразе, не прыгоднае для пабудовы жытла: гэта была нiзкая балоцiстая мясцiна каля самага мора. Жыць у такiх мясцiнах вельмi шкодна. Да таго ж там не было паблiзу прэснай вады. Я вырашыў адшукаць iншае месца, больш прыгоднае для жытла. Мне патрэбна было, каб жытло маё мела засцярогу ад сонечнай спёкi i ад драпежнiкаў; каб яно стаяла ў такiм месцы, дзе няма вiльгацi; каб непадалёку была прэсная вада. Апрача таго, я абавязкова хацеў, каб з майго дома было бачна мора.

"Можа здарыцца, што непадалёк ад выспы з'явiцца карабель, - казаў я сабе, - а калi я не буду бачыць мора, я здолею прапусцiць гэты выпадак".

Як бачыце, мяне ўсё яшчэ не пакiдала надзея.

Пасля доўгiх пошукаў я нарэшце знайшоў прыдатную мясцiну для пабудовы жытла. Гэта была невялiкая гладкая пляцоўка на схiле высокага пагорка. Ад вяршынi да самай палянкi пагорак спускаўся крутой сцяной, так што я мог не баяцца нападу зверху. У гэтай сцяне каля самай палянкi было невялiкае паглыбленне, як быццам уваход у пячору, аднак нiякай пячоры там не было. Вось тут, якраз супроць гэтага паглыблення, на зялёнай палянцы я i вырашыў паставiць палатку.



38 из 185