
Мясцiна гэта знаходзiлася на паўночна-заходнiм схiле пагорка, i таму яна амаль да самага вечара заставалася ў цянi. А пад вечар яе асвятляла сонца.
Перш чым ставiць палатку, я ўзяў завостраны кiй i выпiсаў iм перад самым паглыбленнем паўкруг, ярдаў* каля дзесяцi ў дыяметры.
* Ярд - ангельская мера даўжынi; роўны 0,9144 метра.
Затым па ўсяму паўкругу я набiў у зямлю ў два рады высокiх моцных калоў, завостраных зверху. Памiж двух радоў калоў я пакiнуў невялiкi прамежак i забiў яго да верху абрэзкамi канатаў, прывезеных з карабля. Я склаў iх у рады, адзiн на другi, а з сярэдзiны ўмацаваў агароджу падпоркамi. Агароджа ў мяне атрымалася выдатная: нi пралезцi праз яе, нi пералезцi цераз яе не здолеў бы нi звер, нi чалавек. Гэта праца патрабавала многа часу i сiлы. Асаблiва цяжка было насекчы ў лесе жэрдак, перанесцi iх на месца пабудовы, абчасаць i ўбiць у зямлю.
Плот быў суцэльны, дзвярэй не было. Заходзiў я ў сваё жытло i выходзiў з яго, карыстаючыся лескамi. Калi мне патрабавалася зайсцi цi выйсцi, я прыстаўляў iх кожны раз да частаколу.
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
Рабiнзон на наваселлi. - Каза i казлянё.
Цяжка было мне перацягваць у крэпасць усё маё багацце - правiзiю, зброю i iншыя рэчы. Ледзь справiўся я з гэтай работай, як тут жа давялося брацца за новую: ставiць вялiкую трывалую палатку.
У трапiчных краiнах дажджы, як вядома, вельмi моцныя i ў пэўную пару года льюць без перапынку многа дзён. Каб захаваць сябе ад вiльгацi, я зрабiў двайную палатку, гэта значыць спачатку паставiў адну палатку, меншую, а зверху яе - другую, большую. Знадворную палатку я пакрыў брызентам, якi я прыхапiў на караблi разам з ветразямi.
Цяпер я спаў ужо не на посцiлцы, якая ляжала проста на зямлi, а ў вельмi зручным гамаку, якi належаў памочнiку нашага капiтана.
Я перанёс у палатку ўсе харчовыя прыпасы i iншыя рэчы, якiя маглi сапсавацца ад дажджу. Калi ўсё гэта было занесена ў сярэдзiну агароджы, я шчыльна забiў ход, якi часова служыў мне замест дзвярэй, i пачаў хадзiць па прыстаўных лесках, пра якiя казаў раней. Такiм чынам я жыў усё роўна як у крэпасцi, ахаваны ад усякай небяспекi, i мог спаць зусiм спакойна.
