
Умацаваўшы агароджу, я ўзяўся капаць пячору, паглыбляючы тую выемку, якую мела гара. Пячора знаходзiлася якраз за палаткай i служыла мне склепам. Выкапанае каменне я зносiў у дворык i складаў уздоўж агароджы. Туды ж ссыпаў я i зямлю, i таму глеба ў дворыку ўзнялася футы на паўтара.
Нямала часу адабрала ў мяне гэта работа. Да таго ж было ў мяне тады i многа iншых спраў i здарылася некалькi прыгод.
Аднойчы, у той час, калi я яшчэ толькi рыхтаваўся ставiць палатку i капаць пячору, набегла раптам чорная хмара i лiнуў пралiўны дождж. Потым блiснула маланка i ўдарыў страшэнны гром.
У гэтым, вядома, не было нiчога незвычайнага, i мяне напалохала, вядома, не сама маланка, а адна думка, якая прамiльгнула ў маёй галаве хутчэй маланкi: "Порах!.."
У мяне спынiлася сэрца. Я з жахам падумаў: "Адзiн удар маланкi можа знiшчыць увесь мой порах! А без пораху я не здолею нi абаранiцца ад драпежных звяроў, нi здабыць сабе ежы". Дзiўная справа, але ў той час я нават не падумаў пра тое, што калi порах узарвецца, то перш за ўсё загiну я сам.
Гэты выпадак зрабiў на мяне такое моцнае ўражанне, што я, як толькi прайшла навальнiца, адклаў на час усе свае будаўнiчыя работы i адразу ж узяўся за сталярнае рамяство i шытво: я шыў мяшэчкi i рабiў скрыначкi на порах. Неабходна было падзялiць порах на некалькi частак i кожную хаваць асобна, каб яны не маглi ўспыхнуць усе адразу.
На гэту работу ў мяне пайшло амаль два тыднi. Усяго пораху ў мяне было каля двухсот сарака фунтаў. Я высыпаў яго ў мяшэчкi i скрыначкi, падзялiўшы ўвесь запас прыкладна на сто частак.
Мяшэчкi i скрыначкi я пахаваў у расколiны гары, у такiх мясцiнах, куды не магла пранiкнуць вiльтаць, дакладна прыкмецiў кожную схованку. За бочачку з адсырэлым порахам я не баяўся - гэты порах усё роўна быў кепскi - i таму паставiў яе, як яна была, у пячору, цi ў сваю "кухню", як я называў яе ў думках.
