
Увесь гэты час раз на дзень, а то i болей я выходзiў з дому, узяўшы стрэльбу - на праходку, а таксама, каб пазнаёмiцца з мясцовай прыродай i, калi будзе выпадак, падстрэлiць якую-небудзь дзiчыну.
Першага разу, калi накiраваўся ў такую экскурсiю, я зрабiў адкрыццё, што на выспе водзяцца козы. Я вельмi ўзрадаваўся, але хутка выявiлася, што козы незвычайна чуйныя i спрытныя i падкрасцiся да iх няма нiякай магчымасцi. Аднак гэта мяне не збянтэжыла: я не сумняваўся, што некалi ўсё роўна навучуся паляваць на iх.
Хутка я заўважыў адну дзiўную з'яву: калi козы знаходзiлiся на вяршынi гары, а я ў гэты час паказваўся ў далiне, увесь статак зараз жа ўцякаў ад мяне далей; калi ж, наадварот, козы хадзiлi ў далiне, а я быў на гары, тады яны як быццам нават не заўважалi мяне. З гэтага назiрання я зрабiў заключэнне, што вочы iх маюць тую асаблiвасць, што яны не бачаць таго, што знаходзiцца ўгары. З таго часу я i пачаў так паляваць: я падымаўся на якую-небудзь гару i страляў з вяршынi па козах.
Першым жа стрэлам я забiў маладую казу, якая хадзiла з сысунком. Мне страшэнна шкада было казляняцi. Калi мацi ўпала, яно ўсё гэтак жа рахмана стаяла каля яе i глядзела на мяне з даверам. Мала таго, дык яно пабегла за мною следам, калi я ўзвалiў забiтую казу на плечы i панёс яе дадому. Так мы дайшлi да самага дома. Я паклаў казу на зямлю, узяў казляня i перакiнуў яго цераз агароджу ў двор. Я спадзяваўся, што выгадую яго i прыручу, але казляня яшчэ не ўмела есцi травы, i я вымушаны быў зарэзаць яго. Таго мяса мне хапiла надоўга. Еў я ўвогуле мала, iмкнучыся, па магчымасцi, ашчаджаць свае прыпасы, асаблiва сухары.
Пасля таго калi я канчаткова ўладкаваўся ў сваiм новым жытле, мне прыйшло на думку скласцi сабе печ цi ўвогуле якi-небудзь ачаг. Неабходна было таксама назапасiць дроў.
