Мы ледзь не памерлi ад голаду ў той год. Навокал не было нiякай жыўнасцi, якую можна было б забiць. А апрача таго мяса, якое зжор Мечаны, у нас болей нiчога не было. Аленi адышлi за сотнi мiль, а следам за iмi адышлi i iндзейцы з сваiмi прыпасамi. Вось якiя былi нашыя справы. Наблiжалася вясна, i нам не аставалася нiчога iншага, як толькi чакаць, калi з ракi сыдзе лёд. Мы зусiм схуднелi i вырашылi з'есцi нашых сабак. Першага мы вырашылi з'есцi Мечанага. Вы ведаеце, што ён зрабiў, гэты сабака? Ён непрыкметна знiк. Скажыце, калi ласка, як ён прачытаў нашыя думкi? Мы не спалi ночы навылёт, падпiльноўваючы яго, але ён так i не паявiўся. А мы тым часам елi другiх сабак. Такiм чынам мы з'елi ўсю запрэжку.

А потым было вось што. Вы можаце сабе ўявiць, што робiцца, калi на вялiкай рацэ ломiцца лёд i мiльёны тон яго нясуцца з ровам па цячэннi. Iльдзiны з трэскам ломяцца, налазячы адна на адну. I вось у самай гушчы гэтай мешанiны, якую з ровам i грукатам неслi воды Сцюарта, мы ўбачылi Мечанага. Вiдаць, ён хацеў перабрацца цераз раку вышэй па цячэннi, калi лёд крануўся. Мы са Стывам лямантавалi ад радасцi, насiлiся ўзад i ўперад па беразе, кiдаючы ў паветра нашыя шапкi, душачы адзiн аднаго ў абдымках: Мечанаму прыйшоў канец. У яго не было нiводнага шанцу з мiльёна выбрацца з гэтага ледзянога пекла. Ды што там з мiльёна - у яго не заставалася нiякага шанцу. Як толькi лёд сышоў, мы пагрузiлiся ў лодку i паплылi па цячэннi да Юкона, а потым - унiз па Юконе да Доўсана. Па дарозе мы спынiлiся на тыдзень у вёсцы, якая тулiлася ў вусцi залiва Чэндэрсон. Першае, што мы ўбачылi, як толькi прычалiлi да берага ў Доўсане, быў Мечаны. Ён сядзеў навастрыўшы вушы i чакаў, калi мы прычалiм. Разявiўшы пашчу, нiбы ўсмiхаючыся, ён вiляў хвастом, выказваючы сардэчнае запрашэнне спынiцца ў Доўсане. Як яму пашанцавала выбрацца тады з таго ледзянога пекла? Як ён даведаўся, што мы кiруемся ў Доўсан? Як ён змог з дакладнасцю да хвiлiны вызначыць час нашага прыбыцця, каб потым сустрэць нас на беразе?



10 из 12