
Чым больш я думаю пра Мечанага, тым больш пераконваюся, што на свеце ёсць такiя рэчы, якiм навука не пад сiлу. Нi адна навука не зможа растлумачыць Мечанага. Ён - асаблiвая фiзiчная з'ява цi нават мiстычная, i, як я разумею з вялiкай часткай тэасофii.
Кландайк - добры край. Я да гэтага часу мог бы жыць тамака i зрабiўся б мiльянерам, калi б не Мечаны. Ён iрваў мне нервы. Я цярпеў яго два гады. Нарэшце маё цярпенне лопнула. Улетку 1899 года я выйшаў з гэтай гульнi. Я нiчога не сказаў Стыву. Я проста ўцёк. Але спачатку я ўладзiў усё як найлепей. Я напiсаў Стыву запiску. I прыклаў да яе торбачку з пацучынай атрутай, растлумачыўшы, што з ёю рабiць. Мечаны давёў мяне да таго, што я стаў як шкiлет. Нервы мае зусiм здалi, i я кожны раз усхоплiваўся i азiраўся, хоць навокал не было нi душы. Але як толькi я адчапiўся ад Мечанага, адразу акрыяў. Я пацяжэў на дваццаць фунтаў, перад тым як дабраўся да Сан-Францыска, а да таго часу, як я пераправiўся на пароме ў Окленд, я ўжо зусiм увайшоў у колiшнюю форму, так што нават жонка марна разглядвала мяне з усiх бакоў, стараючыся знайсцi ўва мне перамены.
Толькi аднойчы я атрымаў пiсьмо ад Стыва, у якiм заўважалася раздражненне: здаецца, Стыў занадта блiзка прыняў да сэрца, што я пакiнуў яго аднаго з Мечаным. Ён пiсаў таксама, што выкарыстаў пацучыную атруту паводле iнструкцыi, аднак з гэтага нiякага толку не выйшла.
Мiнуў год. Я зноў вярнуўся ў сваю кантору i меў поспех, нават распаўнеў. I раптам знайшоўся Стыў. Ён не зайшоў да мяне пабачыцца. Я прачытаў яго прозвiшча ў спiсах пасажыраў, якiя прыбылi на параходзе, i вельмi дзiвiўся, што Стыў не паказваецца. Але дзiвiцца мне давялося нядоўга. Аднойчы ранiцай я прачнуўся i ўбачыў Мечанага, прывязанага да слупа ў варотцах. Ён iрваўся на вяроўцы i не пускаў у дом малочнiка. Пазней я даведаўся, што той ранiцай Стыў паехаў на Поўнач у Сiэтл. З таго часу я болей не цяжэў. Мая жонка прымусiла мяне купiць сабаку ашыйнiк з жэтонам.
