
У такiя моманты я мiжволi заўважаў (хоць, ведаючы яго схiльнасць да фантазiй, я прадбачыў гэта) своеасаблiвыя здольнасцi Дзюпэна i захапляўся iмi. Ён, вiдаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся iмi - калi нават не дэманстраваў iх - i не вагаючыся прызнаваўся, што робiць гэта з задавальненнем. Ён хвалiўся мне, цiха пасмейваючыся, што калi для iншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазiрнуць у большасць душ праз шырока расчыненыя для яго вокны, i звычайна суправаджаў такiя заявы ашаламляльнымi доказамi глыбокага ведання маёй душы. У такiя моманты ён быў халодны i аддалены, вочы яго рабiлiся непранiкальныя, а голас, сакавiты тэнар, пераходзiў у дыскант, i ў iм можна было адчуць нават раздражнёнасць, калi б не выразная дыкцыя i наўмысная няспешнасць у словах. Назiраючы за iм у такiя моманты, я часта задумваўся над старадаўняй фiласофскай тэорыяй аб дваiстасцi душы, i ў галаву прыходзiла забаўляльная думка пра двух Дзюпэнаў: адзiн нешта ствараў, а другi разбураў створанае на кавалкi.
Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збiраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнiчую гiсторыю альбо апiсаць нейкi рамантычны эпiзод. Тыя асаблiвасцi прыяцеля-француза, пра якiя я вам паведамiў, былi ўсяго толькi вынiкам узбуджанасцi цi, можа, хваравiтасцi розуму. Але характар яго заўваг у тыя моманты, пра якiя тут iдзе гаворка, лепш за ўсё праiлюструе адзiн прыклад.
Аднойчы ўвечары мы гулялi па доўгай бруднай вулiцы непадалёк ад Пале-Раяль. Кожны з нас, вiдаць, быў заняты сваiмi думкамi, i на працягу чвэрцi гадзiны нiхто не сказаў нi слова. I тут раптам цiшыню перарвалi наступныя словы Дзюпэна:
