- Ён недаростак, гэта праўда, i было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сiлы ў тэатры "Вар'етэ".

- Ну, вядома, так, - адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагi (настолькi быў заняты думкамi) на тое, што гэтыя словы вельмi дзiўна супалi з маiмi разважаннямi. Праз нейкi момант я апамятаўся, i маё здзiўленне было бязмежным.

- Дзюпэн, - сказаў я сур'ёзна, - гэта вышэй майго разумення. Шчыра кажучы, я вельмi ўражаны i ледзь веру сваiм вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра... - тут я спынiўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.

- ...пра Шантыi, - сказаў ён. - Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мiзэрная постаць не падыходзiць да трагедыйных роляў.

Менавiта пра гэта я i разважаў. Шантыi, quondam* шавец з вулiцы Сен-Дэнi, якi да вар'яцтва захапiўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыi Крэбiёна, вельмi стараўся, але ў вынiку атрымаў знiшчальныя водгукi.

* Былы (лац.).

- Растлумач напрамiлы Бог, - усклiкнуў я, - свой метад, калi ён iснуе, праз якi ты толькi што зазiрнуў мне ў душу. - Па праўдзе кажучы, я iмкнуўся знешне быць спакойным, хаваючы такiм чынам ахапiўшую мяне збянтэжанасць.

- Гэта гандляр садавiнай навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne*.

* I такiх, як ён (лац.).

- Гандляр садавiнай? Ну, ты мяне здзiўляеш! Не ведаю я нiякага гандляра садавiнай.

- Ну, той, з кiм ты сутыкнуўся, калi мы зварочвалi на гэту вулiцу, хвiлiн пятнаццаць назад.

Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкi гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збiў мяне знянацку з ног, калi мы зварочвалi з вулiцы С - на тую, дзе мы зараз стаялi. Але я не мог нiяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыi.

Але Дзюпэн нi на кроплю не быў схiльны да charlatanerie*.



7 из 37