
* Ашуканства (франц.).
- Я зараз растлумачу, - сказаў ён. - I каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновiм ход тваiх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre* з тым самым гандляром. Асноўныя звеннi ланцуга - Шантыi, Арыён, д-р Нiкалс, Эпiкур, стэрэатамiя, каменне ў бруку, гандляр садавiнай.
* Сустрэча (франц.)
Няма, вiдаць, такiх людзей, якiя б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралi ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, якi прывёў iх да той цi iншай высновы. Занятак гэты часта вельмi цiкавы, i той, хто сутыкаецца з iм упершыню, дзiвiцца неабмежаванай адлегласцю i неадпаведнасцю памiж зыходным пунктам i канчатковай высновай. Якiм, вiдаць, было маё здзiўленне, калi я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, i не мог не пагадзiцца, што ўсё гэта - праўда.
Ён жа працягваў:
- Перад тым як звярнуць з вулiцы С, я добра памятаю, мы гаварылi пра коней. На гэтай тэме i перарвалася наша размова. Калi пераходзiлi на гэту вулiцу, гандляр, якi прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпiхнуў цябе на кучу камянёў, паскiданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслiзнуўся, крыху расцягнуў звязку на шчыкалатцы, вiдаць, раззлаваўся, ва ўсякiм разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азiрнуўся на груду камянёў i моўчкi пакрочыў далей. Я не вельмi стараўся сачыць за тваiмi дзеяннямi, але назiральнасць зрабiлася апошнiм часам неад'емнай часткай маёй натуры.
Ты працягваў iсцi з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобiны i расколiны ў бруку (такiм чынам, я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камянi), пакуль мы не дайшлi да завулка, што носiць iмя Ламарцiна i якi забрукавалi ў якасцi эксперымента "ўнакладку", шчыльна падладзiўшы плiткi заклёпкамi. Твой твар павесялеў, i па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова "стэрэатамiя", тэрмiн вельмi штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавiць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыi Эпiкура.
