
- Але адзiнкавы выпадак яшчэ нi пра што не сведчыць. I яго абставiны... як бы вам сказаць...
- Ды кажыце ўжо проста - сумнiцельныя! Не-е, шаноўны скептык, усё не так. Я ў Томата Iванавiча быў першы, але не апошнi. I ўсе цудоўна сябе адчуваюць ужо больш за дзесяць гадоў! Што вы на гэта скажаце?
- Але калi гэта сапраўды адкрыццё, - я расхваляваўся, - то мы пра яго даўно б ведалi! Аднак нават у медыцынскiм асяродку...
- Пачакайце! Я нездарма гаварыў пра сцiпласць, як пра злачынства. Слухайце, што было далей. Пакуль я папраўляўся, можна сказаць, пасябраваў з Томатам Iванавiчам. Што я на яго як на бога глядзеў, гэта само па сабе, але ведаеце, акрамя фiзiчнага, так бы сказаць, падабенства ёсць i духоўнае. Мабыць, тут людзi таксама падзяляюцца на групы, напэўна, падзяляюцца. Томат Iванавiч... Цудоўны чалавек. Сказаць, што ён быў разумны, таленавiты, нават генiяльны, значыць нiчога не сказаць. Хто такi разумны чалавек, у якiм сэнсе разумны? Iншы генiй у простых жыццёвых справах такi, выбачайце, дурань, што любы хiтрун яго вакол пальца абвядзе; хто не верыць, хай бiяграфii вялiкiх больш пачытае. Не, Томат Iванавiч прасцяком не быў. Але сэрца ў яго было неабароненае, цi што. Нiбыта само ўвасабленне спакою, а крыху прыгледзiшся... Так, мы, яго пацыенты, гэтую ранiмасць Томата Iванавiча нутром адчувалi, i нават подлыя па сваёй натуры i тыя iмкнулiся яго не крыўдзiць, утойвалi ад яго свае дробязi. Розум i душэўнасць, яны, ведаеце, свецяцца, да iх нават нядобры чалавек цягнецца, яму адагрэцца хочацца. Дабаўце да гэтага сцiпласць. Ранiмасць стала бядою самога Томата Iванавiча, сцiпласць - для навукi, для медыцыны, для ўсiх, каго мог бы выратаваць яго метад...
- Ды ў чым жа метад? - не вытрымаў я. - I пры чым тут сцiпласць?
- А што ж, па-вашаму, адкрыццё можна аддзялiць ад асобы вучонага? Цi так? Пра адкрыццё i метад мне, як i iншым, вядома няшмат. Пэўна, Томат Iванавiч адрознiваў роднасць арганiзмаў па паху...
- Па паху? - Я нават ахнуў. - Прабачце, але гэта не зусiм праўдападобна. Нос - нiякi не iнструмент, а сучасныя дэтэктары i аналiзатары пахаў, за рэдкiм выключэннем, такая недасканалая нiкчэмнасць... Увогуле гэта адна з самых цьмяных галiн навукi. I распазнаванне iмуннай роднасцi па паху... Не, гэта фантастыка.
