
Лiнда заўважыла маю надзвычайную дэпрэсiю.
- Доктар, вы занадта многа працуеце. Чаму б вам крыху не адпачыць? Пасля вакацый вы адчулi б сябе лепш.
- Я не супраць, Лiнда, але, баюся, на гэта няма часу. Мне б увесь час думалася, што я бежанец. У мяне пад наглядам хворы, i я павiнен давесцi яго лячэнне да канца.
- Ну, на тыдзень вы б маглi адлучыцца.
- Толькi не з гэтым пацыентам. Спадзяюся, што змагу ўрэшце зрабiць вывад, што гэта iстэрычная фантазiя i што працяглы эмацыянальны канфлiкт вымушае яго адыходзiць ад свайго сапраўднага я. Дагэтуль не змог вызначыць гэтае я, якое яно на самай справе.
Я прыняў рашэнне. На мне ляжала адказнасць за Джэкi. Я разумеў, што павiнен пазбегнуць прафесiйнай пасткi, зацiкавiўшыся пацыентам звыш меры, бо iнакш схiлюся на яго бок замест таго, каб заставацца ўбаку. Я i так пачаў ужо адчуваць, што праяўляю недарэчны бацькоўскi клопат. Разам з тым заўважыў прыкметы i iншых небяспек як для меня, так i для iншых. Джэкi дэманстраваў класiчныя сiмптомы манii вялiкасцi, канчатковым выяўленнем якой з'яўляецца, як вядома, забойства. Цяпер ён гаварыў, што ўзбройваецца, "таму што маё жыццё ў небяспецы" - хоць, наколькi я мог меркаваць, ён нiчога дзеля гэтага не рабiў. Ён нарэшце прызнаўся, што начамi марыць - уяўляе сябе асам - злачынцам, кiраўнiком злачынных змоў, шалёна носiцца ў вялiкiм чорным аўтамабiлi.
