
Перыяды шчырага пакаяння здаралiся ўсё радзей, i Джэкi з усё больш адкрытай падазронасцю ставiўся да мяне i маiх метадаў, па iронii лёсу, якраз у той час, калi я быў яму патрэбны больш, чым калi-небудзь. Калi я прапанаваў скарыстаць пентатол у якасцi дапамогi, каб дабрацца да каранёў яго псiхозу, Джэкi наадрэз адмовiўся. Ён са злосцю зыркнуў у мой бок, калi я спытаў аб прычынах адмовы.
- Вы ведаеце чаму.
- Не, калi гэта можа дапамагчы. Пентатол проста расслабляе падсвядомыя ахоўныя функцыi мозга. Таму яго часта называюць сывараткай праўды. - Я растлумачыў важнасць спавядання для тэрапii на аснове самааналiза. - Амаль усе мы карыстаемся той цi iншай формай спавядання ў якасцi прыроднага засцерагальнага клапана. Дзiця выкарыстоўвае для гэтага сваю мацi, муж - жонку цi наадварот... Так, калi была яшчэ жывая мая жонка, я часта рабiў яе сваiм спавядальнiкам, каб пазбавiцца любых дэпрэсiй, што мучылi мяне.
Гэты раз Джэкi ў якасцi ахоўнага панцыра паспрабаваў павярнуць супраць мяне мае ж словы.
- Людзi спавядаюцца таму, што баяцца, цi не так?
- Гэта вельмi грубае абагульненне.
- Чаму вы не прызнаяцеся, што былi вымушаны рабiць поўны даклад кожную ноч сваёй жонцы таму, што баялiся яе?
- Таму, што гэта была б няпраўда.
- Гэта гавораць ахоўныя функцыi мозга, - са здзекам ухмыльнуўся Джэкi. Якраз вам i патрэбна сываратка праўды, доктар. Можа, вы i спазнаяце iсцiну. Як i тое, што гэтыя перыяды медытацый, якiя я парушаў, на самай справе святкаванне з выпадку таго, што ваша жонка памерла, i вы цяпер вольны.
- Вольны рабiць што? - спытаў я стомлена. Апошнiм часам галава пачынала балець значна раней.
- Вольны ўзяць на працу гэтую грудастую брунетку, напрыклад. Ваша жонка ў свой час не дазволiла б гуляць у такiя гульнi, цi не так? - Мне прыйшло ў галаву, што нават ухмылкi i грымасы Джэкi рабiлiся з цягам часу ўсё больш распуснымi. - Я таксама вывучаю людзей, доктар. I ведаю, што адбываецца вакол.
