
- Мяне двойчы ўзнагароджвалi медалём "Пурпурнае сэрца" за раненне!
А потым ён памяняў некалькi заняткаў, прынамсi, быў аўтагоншчыкам, удзельнiчаў у геалагiчных пошуках урану. Улiчваючы яго малады ўзрост, уся гiсторыя, якую ён расказаў, здавалася крыху неверагоднай.
Джэкi, вiдаць, адчуў мой недавер, бо раптам спынiўся.
- Ну, як вам усё гэта падабаецца? - спытаў ён. - Вы мне зайздросцiце?
- Скажам так - у вынiку ў мяне ўзнiкла некалькi пытанняў, - адказаў я.
- Што ж, давядзецца з iмi пачакаць, - сказаў ён рэзка i ўстаў. - Альбо я сустрэнуся з вамi на наступным тыднi, альбо я зусiм не прыйду. Такi вось я.
Толькi калi Джэкi пайшоў, я зразумеў, што не папярэдзiў яго наконт таго, што менавiта гэты час у раскладзе прыёму - самы нязручны. Потым, прааналiзаваўшы ўласную рэакцыю, я прыйшоў да думкi, што мая няпамятлiвасць была наўмысная: мне хацелася, каб Джэкi прыйшоў зноў. Ён прадэманстраваў, разам з дрэннымi манерамi i ўсiм астатнiм, магчымасцi, якiя завалодалi маёй увагай, нягледзячы на незразумелую сутнасць захворвання.
У кабiнет зайшла рэгiстратарка.
- Доктар, мiсiс Грыер адмовiлася ад прыёму, назначанага на чатыры гадзiны. Да яе нечакана з'явiлiся нейкiя госцi. Спадзяецца, што вы не будзеце супраць.
- Не, гэта мне выдатна падыходзiць, - адказаў я. - Ад апошняга пацыента ў мяне страшэнна разбалелася галава.
- Я прынясу вам аспiрыну, - сказала яна, адразу ж выказаўшы клопат. Я часта задумваўся над тым, чым кiравалася Лiнда, калi вырашыла працаваць у псiхiятра; яна ж такая прастадушная асоба. Прыгожанькая брунетка, яе пыхаючая здароўем жаноцкасць i жывёльная жыццяздольнасць часта ўражвалi мяне сваёй недарэчнасцю сярод неўрозаў i псiхозаў, якiмi я займаўся ў сваёй практыцы, нiбыта яна весела пырхала сярод мёртвых.
