
- Юбiлей? Няўжо прайшоў цэлы год?
- Не, толькi шэсць месяцаў, - захiхiкала Лiнда. - Можа, вам гэта здаецца глупствам - але мы па-ранейшаму страшэнна шчаслiвыя, што пажанiлiся.
- Не апраўдвайцеся за сваё шчасце, - сказаў я. - Шчаслiвых людзей так мала.
Я даволi часта думаў пра Джэкi, хоць зусiм не быў упэўнены, што калi-небудзь зноў яго ўбачу. Аднак ён з'явiўся ў чацвер у вызначаны час. Гэты раз ён быў пануры i не такi гаваркi, абмежаваўся прызнаннем, што па-ранейшаму краў "рэчы".
Ахоплены дэпрэсiяй, ён альбо забыўся пра свой жыццяпiс, альбо адмовiўся ад яго, бо тыя лiчаныя факты мiнулага, якiя ён паведамiў гэты раз, вельмi адрознiвалiся ад ранейшых, але здавалiся больш верагоднымi. Сапраўдным залатым самародкам, што мне ўдалося адсеяць, быў той факт, што Джэкi нейкi даволi непрацяглы час вучыўся ў тым самым унiверсiтэце, што i я, але я не змог выкарыстаць гэту агульную для нас падзею ў жыццi, каб знiтаваць цiкавiўшую мяне сувязь.
Джэкi кiнуў вучобу, бо яму зрабiлася сумна, да таго ж ён пачаў мармытаць нешта пра дзяўчат, што вучылiся разам з iм, але я не адразу зразумеў, пра што iдзе гаворка, а ён больш не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён нешта гаварыў пра "швэдары i голыя ножкi", i я падумаў, што ўся праблема круцiцца вакол сексу, але ён не адрэагаваў i на гэтыя пытаннi. Не захацеў ён гаварыць i пра тыя сем гадоў жыцця пасля каледжа, прабурчаўшы, - навошта гаварыць пра гэта. Усё ў мiнулым. Альбо аднекваўся, ужываючы сваю любiмую форму адмаўляцца ад размовы: "Гэта не важна!" Ад кансультацыi ў мяне засталося тайнае пачуццё безнадзейнасцi, часткова ад таго, што на мяне перакiнуўся яго пануры настрой, але больш ад адчування, што справа зайшла ў тупiк.
