
Але на наступным тыднi Джэкi здзiвiў мяне, прынёсшы ў пакеце рэчы, якiя ён украў. Гэта перакрэслiла маю першую версiю наконт галоўнай прычыны яго хваробы. Гэтымi "рэчамi" аказалiся станiкi - большасць з iх фасонныя - з карункамi або яркiх колераў - i ён мiжволi падрабязна расказаў, калi i дзе ўзяў iх. Частка прынесенай бялiзны была знята з вяровак у розных канцах горада, але многiя рэчы былi новыя, нават з крамнымi цэтлiкамi.
- Чаму вы расказваеце мне аб гэтым сёння i адмаўлялiся зрабiць гэта раней? - спытаў я.
- Таму што я завязаў, - радасна адказаў Джэкi, усхвалявана ходзячы па пакоi i адмаўляючыся сесцi ў крэсла для пацыентаў. - Я не збiраюся больш iх красцi. Проста трэба паставiць перад сабой задачу праяўляць стрыманасць.
- Вы калi-небудзь задумвалiся над тым - нягледзячы на гэта адхiленне з крадзяжом, якое само па сабе не з'яўляецца значным, - што вы знаходзiцеся пад занадта моцным кантролем? Што, можа, вы хаваеце ад самога сябе штосьцi сапраўды важнае?
Ён павярнуўся ў мой бок з пакрыўджаным тварам.
- Вы не лiчыце, што я вылечуся?
- Вы можаце вылечыцца. Але гэта рэдка так лёгка здараецца, Джэкi.
- Вось убачыце, - паабяцаў ён сур'ёзна, нiбыта пяцiгадовы хлапчук. - Я прынёс гэта шмаццё з сабой, каб вы яго маглi аддаць тым, у каго я яго ўзяў.
Я згадзiўся, ведаючы, аднак, што гэту задачу здзейснiць немагчыма. Калi паспрабаваць вярнуць усю крадзеную бялiзну законным уладальнiкам, узнiкнуць пытаннi, на якiя я не змагу адказаць. Таму я проста ўцiснуў пакет у нiжнюю шуфляду шафы для дакумантаў, якая стаяла ў прыёмнай перад маiм кабiнетам, мяркуючы пазбавiцца ад яго ў больш зручны час.
Аднак Лiнда знайшла здабычу Джэкi раней, чым я ўзгадаў аб сваiм намеры. Калi аднойчы ранiцай я заходзiў у свой кабiнет, яна стаяла ў прыёмнай, заглядаючы здзiўлена ў пакет.
