- Доктар, што, напрамiлы Бог, гэта за рэчы?

Я растлумачыў, паведамiўшы тое-сёе пра пацыента, але, зразумела, не называючы яго iмя. Яна засмяялася.

- Ну, цi не бязглуздзiца гэта? Красцi такое!

- Для вас, можа, i так, - сказаў я крыху раздражнёна. - Але магу вас запэўнiць, што ў яго гэта сур'ёзна i тут не да жартаў. Недзе ў iм, як у асобе, утварылася глыбокая i жахлiвая расколiна.

Джэкi нiколi больш не ўзгадваў пра станiкi, i, як я мог меркаваць, крадзяжы спынiлiся. Ён з гонарам гаварыў аб вынiках вынайдзенага iм самакантролю, але мне здавалася, што яго проста зацiкавiлi iншыя, больш злавесныя сферы. Хоць Джэкi па-ранейшаму адмаўляўся запоўнiць iнфармацыяй белую пляму ў яго жыццi працягласцю ў сем год, ён нечакана пачаў даволi шматслоўна расказваць пра жанчын, якiх ён ведае цi калiсьцi ведаў. Усе яны, паводле яго слоў, лезлi са скуры, каб звярнуць на сябе яго ўвагу.

Нарэшце, калi яго гiсторыi пачалi рабiцца яшчэ больш шматслоўнымi, а раманы - паўтарацца, я выказаў думку, што ён, вiдаць, захапiўся фантазiямi.

Джэкi ад душы рассмяяўся.

- Я ж вам казаў, што вы мне зайздросцiце. Толькi таму, што я атрымаў усё, што можна ўзяць ад жыцця. Вось, мяркуецца, што вы павiнны мяне лячыць, а вы нават не заўважаеце, наколькi сумны вы чалавек.

- Вы можаце не паверыць, - сказаў я спакойна, - але калiсьцi я таксама быў малады.

- Магу паспрачацца, што не зусiм так. Гатоў бiцца аб заклад, што вы заўсёды сядзелi, уткнуўшы нос у якую-небудзь кнiгу. Я не такi. Вось яшчэ да таго, як скончыў каледж... - I зноў пачалося апiсанне са смакам эратычнай i, вiдаць, прыдуманай прыгоды. З другога боку, можна было пагадзiцца з думкай, што Джэкi казаў праўду, бо быў ён i прыгожы, i дастаткова напорысты. Мяне заўсёды тачыла сумненне, калi я спрабаваў вызначыць, хто такi быў сапраўдны Джэкi.

Сярод патоку амурных успамiнаў нярэдка здаралiся моманты, калi ўдавалася даведацца, чым займаецца Джэкi цяпер. Мне стала вядома, што ён купiў бiнокль i бавiў шмат часу ў вялiкiм парку побач з маiм кабiнетам. Ён сачыў за людзьмi цi, як ён сказаў, "вывучаў iх".



7 из 17