
- Нiчога дрэннага тут няма, - сказаў Джэкi, калi я спытаўся ў яго пра гэта. - Я раблюся больш адкрытым. Мушу жыць на свеце з такiмi ж чалавечымi стварэннямi, як сам, i таму павiнен пазнаёмiцца з iмi. - Ён раптам крыва ўсмiхнуўся. - Пазаўчора я назiраў за вашай Лiндай, калi яна сядзела на траве з папяровым пакетам i палуднавала. Думаю, што яна спецыяльна выставiла ногi, каб яны загарэлi. Вас, вiдаць, падбадзёрвае прысутнасць у кабiнеце на працягу цэлага дня стварэння з такой вось фiгуркай?
Разумеючы, што гэта быў не вельмi ўдалы прыём тэрапii, я тым не менш быў вымушаны сурова заўважыць.
- Лiнда - вельмi прыстойная дзяўчына i шчаслiвая ў замужжы. Таму вам лепш не думаць пра яе.
У адказ Джэкi толькi самаздаволена ўсмiхнуўся. Знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, ён iмкнуўся прымусiць мяне перайсцi да абароны, каб у нашых адносiнах мы памянялiся ролямi. Але ён вельмi абурыўся, калi я прапанаваў аддаць мне бiнокль, i наадрэз адмовiўся зрабiць гэта. I ўсё ж, хоць я больш не настойваў, калi прыём скончыўся, выявiлася, што ён пакiнуў бiнокль на маiм стале. Я схаваў яго побач з крадзенай бялiзнай у шафе для дакумантаў.
На працягу наступных некалькiх тыдняў калекцыя паступова павялiчвалася. Дэталёвыя чарцяжы i планы будынкаў, карты i распiсаныя на паперы планы розных авантур, якiя ён меркаваў здзейснiць. Большасць iх уяўлялi сабой юнацкiя фантазii, аднак мяне турбаваў матыў агрэсiўнасцi, якi ўвесь час паўтараўся. Але якiмi б вычварнымi гэтыя планы нi былi, усе яны ўяўлялi сабой сурагаты сексу - як i ўсе яго дзеяннi ў той час, - i таму я зразумеў, што маю справу з праблемай, якая рабiлася ўсё больш складанай - вызначэннем таго, што Джэкi зрабiў на самай справе i што ён здзейснiў толькi на словах.
