
Так тэрарызаваў сваiх падначаленых Берман, i падначаленыя старалiся.
Ад Слукiна маю справу перадалi следчаму-навiчку, маладому хлопцу. На мяне ён не крычаў, па натуры быў спакойны, амаль флегматык.
- У цябе што, ерунда, - гаварыў ён мне, - адна АА (антысавецкая агiтацыя). Групу табе не вяжуць. За тваю вiну больш пяцi не павiнны даць. Так што не бойся. Давай хутчэй усё запiшам, аформiм, i справа ў суд пойдзе.
Ён i скончыў следства, напiсаў абвiнаваўчае заключэнне, i справа пайшла ў Спецыяльную калегiю Вярхоўнага суда БССР.
Чакаў я суда доўга. Пра навiны мы, арыштаваныя, даведвалiся ад навiчкоў i яшчэ з дапамогай аднаго iнфармацыйнага канала. Турэмнай прыбiральняй карысталiся i арыштаваныя, i супрацоўнiкi турмы, камiсарыята. Пасля,сябе яны пакiдалi ў кошыках шматкi газет. Калi нас заводзiлi ў прыбiральню, мы адразу ж хапалi тыя шматкi, абмывалi пад кранам i тайком прыносiлi ў камеру. Навiны былi адны: лiсты калгаснiкаў аб шчаслiвым жыццi, заклiкi выкрываць ворагаў народа. З тых газет ведалi, каго пасадзiлi, каго выкрылi.
З падвальнай камеры на вулiцы Ўрыцкага мяне перавялi ў турму на вулiцу Валадарскага. Там сядзела розная шпана. блатары, але больш -палiтычных. Там я таксама сустрэў цiкавых людзей - вучоных, студэнтаў, настаўнiкаў. Пазнаёмiўся я з былым мiнiстрам - старшынёй рады Беларускай народнай рэспублiкi Цвiкевiчам Аляксандрам Iванавiчам, высланым з Беларусi пры разгроме нацыянальнай iнтэлiгенцыi ў трыццатыя гады i вернутым у Менск з высылкi для канчатковай расправы.
Хачу прывесцi ягоныя словы, якiя ён аднойчы сказаў, як малiтву:
"Матка боская, завошта такi лёс краiне? Такiя беды пасланы народу: крывавы Кастрычнiк, самазнiшчэнне нацыi ў грамадзянскую вайну, голад i высылкi, раскулачванне, а цяпер яшчэ i гэты тэрор. I што б засталося ад Англii, Францыi, ад эўрапейскай цывiлiзацыi, калi б i там быў знiшчаны такi ж слой лепшых розумаў?.."
