Сапраўды, што б засталося? А наша краiна жыве. Жывучыя, значыць, мы.

Паколькi менскiя турмы былi перапоўнены, iх пачалi разгружаць i адпраўляць арыштаваных у iншыя гарады. Я трапiў у вiцебскую турму, таксама перапоўненую. У нашай вялiкай камеры сядзелi вайскоўцы, выкладчыкi з ветэрынарнага iнстытута i вядомы ў свой час драматург Курдзiн Дзiмiтры Iванавiч. Яго п'еса "Мiжбур'е" ставiлася ў многiх тэатрах краiны. Курдзiн i ў камеры пiсаў агрызкам алоўка ў кнiжачцы курыцельнай паперы сваю новую п'есу.

Не так даўно я зрабiў праз ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругi запыт у КДБ пра лёс Курдзiна. Паведамiлi, што ён быў расстраляны 12 снежня трыцдаць сёмага года.

У кастрычнiку мяне судзiлi. З Менска прыехала выязная сесiя Спецыяльнай калегii Вярхоўнага суда БССР з сотнямi спраў. Засядала яна ў памяшканнi народнага суда, куды з турмы прывозiлi падсудных. Мяне прывезлi ў групе дваццацi чалавек, не знаёмых мне. Усе яны таксама абвiнавачвалiся па "лёгкiм" артыкуле - у антысавецкай агiтацыi. На тым судзе на кожнага адпускалася не больш дваццацi хвiлiн. Заходзiлi ў пакой, дзе засядаў суд, неўзабаве выходзiлi, i мера пакарання аб'яўлялася адна - дзесяць гадоў лагера.

Мяне выклiкалi апошнiм. Я зайшоў у пакой, прымiрыўшыся з тым, што атрымаю таксама дзесяць гадоў. Стаў перад судом па турэмнай прывычцы, заклаўшы рукi за спiну. Больш за паўгода я жыў толькi на турэмным пайку, згаладаў, схуднеў, збляднеў, i, вядома ж, грузнаму пажылому старшынi, засядацелям - жынчыне i мужчыну - я здаўся дахадзягам, вартым жалю. Я адчуў i зразумеў, што суддзi глядзелi на мяне з жаласцю. Па ўзросту кожнаму з iх я гадзiўся ў сыны. Можа, у iх i былi такiя ж, як i я, сыны i суддзi ўяўлялi iх на маiм месцы.

Старшынствуючы, праверыўшы мае бiяграфiчныя дадзеныя, спытаў, цi прызнаю я сябе вiнаватым.

Яшчэ задоўга да суда я падрыхтаваў у сваё апраўданне цэлую прамову.



11 из 125