Наркомам унутраных спраў Беларусi, калi я знаходзiўся пад арыштам i следствам, быў знакамiты Берман Барыс Давыдавiч. Ён i яго брат Берман Мацвей, начальнiк Гулага, намеснiк наркома ўнутраных спраў СССР, пакiнулi ў гiсторыi нашай дзяржавы страшны след.

Не магу не прывесцi паказаннi Наседкiна - наркома ўнутраных спраў Беларусi, якi замянiў Бермана, арыштаванага i расстралянага.

Наседкiн назваў Бермана самым лютым наркомам. "За якi год яго работы, сведчыў Наседкiн, - Берман расстраляў звыш васьмiдзесяцi тысяч чалавек. Ён забiў усiх лепшых камунiстаў рэспублiкi, абезгаловiў савецкi i партыйны апарат, знiшчыў цвет iнтэлiгенцыi, вышукваў, знаходзiў i знiшчаў усiх мала-мальскi разумных i адданых народу людзей. Восемдзесят тысяч бязвiнных ахвяр, гара трупаў!.."

Далей Наседкiн расказваў пра метады кiраўнiцтва Бермана падначаленымi.

"Па суботах Берман праводзiў вытворчыя нарады. Выклiкалiся на сцэну па зараней падрыхтаваным спiсе трое лепшых следчых i трое горшых. Берман пачынаў:

- Вось лепшыя з лепшых нашых работнiкаў, - называў ён прозвiшча следчага. - Устаньце, таварыш. Няхай астатнiя вас бачаць. За тыдзень ён скончыў сто спраў, з iх сорак - на вышэйшую меру, а шэсцьдзесят на агульны тэрмiн у тысячу гадоў. Павiншуем таварыша. Сталiн пра вас ведае i помнiць. Вас прадстаўляем да ўзнагароды ордэнам. А зараз атрымайце грашовую прэмiю ў суме пяцi тысяч рублёў. А вось следчы, - называлася прозвiшча, - за тыдзень скончыў усяго толькi тры справы, i нiводнага на расстрэл, а прапаноўвае падследным тэрмiны ад пяцi да васьмi гадоў. Выведзiце яго.

Бледнага ад страху следчага выводзiлi.

- Выявiлася, - голасна чаканiў Берман, - што гэты следчы завербаваны нашымi ворагамi, якiя паставiлi задачу органам сарваць выкананне асабiстых заданняў таварыша Сталiна. Гэты здраднiк следчы будзе расстраляны".



9 из 125